ЭСХАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. eschatos апошні, канцавы + ...логія),

у рэлігійных светапоглядных сістэмах вучэнне аб канчатковым лёсе свету, чалавецтва і чалавека. Адрозніваюць індывідуальную Э. — вучэнне аб пасмяротным лёсе адзінкавай чалавечай душы і універсальную, сусветную Э. — вучэнне аб мэце і прызначэнні касм. і чалавечай гісторыі, аб канцы і аб тым, што пасля гэтага будзе. Асаблівая роля ў распрацоўцы традыцыі індывід. Э. належыць стараж. Егіпту (трактоўка замагільнага жыцця як станоўчага быцця), а ў станаўленні сусв. Э. — стараж. Ізраілю, потым іудаізму (асэнсаванне ўсяленскай гісторыі як разумнага працэсу, які накіроўваецца воляй асабістага Бога). Э. фарміруецца толькі там, дзе адбываецца абгрунтаванне магчымасці пазітыўнага рашэння асабістых і ўсяленскіх лёсаў у нейкай абсалютнай перспектыве, дзе рух з мінулага ў будучыню разглядаецца як набліжэнне да канчатковай мэты светабудовы, да сканчэння часу і зліцця яго з вечнасцю. Вучэнні, якія зыходзілі з цыклічнай канцэпцыі сусв. працэсаў (напр., брахманісцкія і піфагарэйска-стаічныя дактрыны вечнага вяртання і сусв. года), не маглі стварыць Э. ў сапраўдным яе значэнні. Сама ідэя кругавароту выключае нешта канечнае: бо ў светабудовы няма ні мэты, ні абсалютнага канца. Эсхаталагічныя матывы можна выявіць у шэрагу свецкіх ідэалагічных праектыўных пабудоў новага і найноўшага часу: амер. пурытанізму, утапічнага і марксісцкага камунізму, нацысцкай міфалагемы «тысячагадовага рэйха» і да т.п.

А.​Б.​Савеня.

т. 18, кн. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)