злучэнні ёду з інш. элементамі. Ё. многіх металаў — солі ёдзіставадароднай кіслаты. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе рэдкіх мінералаў (напр., маршыт CuI).
Ё. металаў I і II груп перыяд. сістэмы элементаў добра раствараюцца ў вадзе (акрамя AgI, Cu2I2, Hg2I2, HgI2), a III—VI груп і неметалаў (напр., Ё. крэмнію Sil4, мыш’яку AsI3) узаемадзейнічаюць з вадой (гідралізуюцца). Пры награванні лёгка дысацыіруюць на элемент і ёд. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў з ёдам ці аксідаў або карбанатаў з ёдзіставадароднай к-той. Выкарыстоўваюць у медыцыне, арган. сінтэзе (Ё. калію і натрыю), як фотаматэрыялы і матэрыял для цвёрдых электралітаў, у вытв-сці звышчыстых металаў (напр., тытану, гафнію і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГВА́РДЫЯ»
(«Garda de fier»),
фашысцкі рух у Румыніі ў 1930—44. Узнікла на базе нацыяналіст., хрысц.-містычнай і антысеміцкай арг-цыі «Легіён Міхаіла Архангела» (засн. ў 1927) на чале з К.Кадрану. Прапагандавала ідэі нац. выключнасці румынаў, ліквідацыі сац. несправядлівасці, узмацнення пазіцый сялянства і інш. За тэрарыст. дзейнасць (у т. л. забойства прэм’ер-міністра І.Г.Дукі) у 1934 забаронена, у 1935 адноўлена як партыя «Усё для айчыны», у 1938 зноў забаронена. У 1940 як «Рух легіянераў» (лідэры Х.Сіма і інш.) удзельнічала ў фарміраванні ўрада ген. І.Антанеску. Канчаткова забаронена пасля вызвалення Румыніі ў 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎРУ́К (Алесь) (сапр.Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАХО́ЎСКІ (Цыпрыян) (Кіпрыян, каля 1635, Полацкае ваяв. — кастр. 1693),
уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў Грэчаскім калегіуме ў Рыме (1658—64). Архімандрыт шэрагу манастыроў, у 1671—74 каад’ютар (памочнік-намеснік) пры мітрапаліце Г.Календзе. Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі (1674—93), адначасова архіепіскап полацкі. Для пашырэння уніі выкарыстоўваў адм. сродкі. Удзельнік склікання ў 1680 у Любліне з’езда уніятаў і праваслаўных, які апісаў у кнізе «Люблінскі калёквіум...» (Замосце, 1680, на польскай мове). Імкнуўся абмежаваць у царкве ўплыў базыльян, што выклікала з імі канфлікт. У пач. 1690-х г. заснаваў Супрасльскую друкарню. Ахвяраваў сродкі на рамонт храмаў у Вільні, Навагрудку, Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВА́ЧНЫЯ (Ruminantia),
падатрад млекакормячых атр.парнакапытных. 5—6 сям., 76 родаў, каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі, Мадагаскара і Антыльскіх а-воў. Пераважна стадныя палігамныя жывёлы. На Беларусі 5 відаў; алень высакародны, зубр, казуля, лань, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігу. Да Ж. належаць свойская жывёла: авечкі, козы, буйн. раг. жывёла.
Маюць 4 пальцы (2 з іх рудыментарныя). У страўніку 4 аддзелы — рубец, сетка, кніжка (у некат. няма) і сычуг. Корм раслінны. Вял. значэнне для Ж. мае жвачка (адсюль назва). Карэнныя зубы вял., разцы і іклы толькі ў ніжняй сківіцы. У многіх добра развітыя рогі. Дзікія Ж. — аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДКІ, лужанкі (Viviparidae),
сямейства бруханогіх малюскаў падкл. пярэдняшчэлепных. 6 відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Паўд. Амерыкі) у прэсных вадаёмах. На Беларусі 2 віды Ж.: рачная, або звычайная (Viviparus viviparus), і азёрная (V. contectus). Жывуць на пясчаных або заглееных грунтах у прыбярэжнай зоне рэк і азёр.
Цела ўкрыта ракавінай (выш. да 6 см) з 5—7 спіральнымі завіткамі, з цёмна-карычневымі палосамі, складаецца з галавы, тулава і нагі. Вусце ракавіны авальнае, зачыняецца рагавой накрыўкай. Раздзельнаполыя. Аплодненыя яйцы развіваюцца ў матцы, моладзь выходзіць цалкам сфарміраваная (адсюль назва). Кормяцца водарасцямі, рэшткамі раслін і жывёл. Ж. — пажыва для многіх бентасаедных рыб. Біял. ачышчальнікі вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫДО́ВІЧ (Марыя Андрэеўна) (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ПА РАЗЗБРАЕ́ННІ 1932—35,
міжнародная канферэнцыя аб скарачэнні і абмежаванні ўзбраення. Склікана 2.2.1932 па рашэнні Савета Лігі Нацый, удзельнічалі 63 краіны. Некаторыя краіны імкнуліся выкарыстаць канферэнцыю для аслаблення магчымых праціўнікаў і ўзмацнення сваёй ваен. магутнасці (франц. дэлегацыя дамагалася захавання ваен. перавагі над Германіяй паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, герм. дэлегацыя патрабавала роўнасці ва ўзбраеннях, а ў кастр. 1933 адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі). Дэлегацыя СССР прапанавала пакласці ў аснову работы прынцыпы ўсеагульнага і поўнага раззбраення, а пасля адхілення гэтай прапановы — правесці прагрэс.-прапарцыянальнае скарачэнне ўзбраенняў і ўзбр. сіл. Сав. прапановы былі адхілены, канферэнцыя зайшла ў тупік і ў 1935 фактычна спыніла сваю работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРО́ДСКІ (Сяргей Сцяпанавіч) (17.12.1911, г. Нясвіж, Мінскай вобл. — 7.1.1980),
бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі і цепла- і масаабмену. Чл.-кар.АНБССР (1966), д-ртэхн.н. (1960), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1939). З 1946 навук. супрацоўнік Энергасектара, потым Ін-та энергетыкі АНБССР, з 1957 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену АНБССР. Навук. працы па даследаванні цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах. Прапанаваў формулу для разліку каэф. цеплаабмену ў кіпячым слоі, распрацаваў асновы выкарыстання дысперсных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Гидродинамика и теплообмен в псевдоожиженном (кипящем) слое. М.;Л., 1963; Высокотемпературные установки с псевдоожиженным слоем. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́Г, заклад,
1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.
2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.
3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.