КАРАБІ́Н (франц. carabine ад араб. караб — зброя),

1) укарочаная і аблегчаная вінтоўка. З’явілася ў 15 ст., выкарыстоўвалася асабовым складам кавалерыі і артылерыі. Бываюць гладкаствольныя і наразныя, магазінныя і аўтаматычныя. У Сав. Арміі выкарыстоўваўся К. узору 1938 і 1944, а таксама самазарадны К. сістэмы С.​Г.​Сіманава ўзору 1945 (з магазінам на 10 патронаў, прыцэльная далёкасць стральбы 1 км, скарастрэльнасць 35—40 стрэлаў за мінуту). К. наз. таксама паляўнічую вінтоўку, з якой палююць на буйнога звера.

2) Кручок (зашчапка) з спружыновай часткай, якая адкрываецца ў сярэдзіну. Выкарыстоўваецца для падвешвання (замацавання) вяровак, такелажных рамянёў, у дарожных сумках, ланцужках, павадках і інш.

Карабіны: 1 — з калясцовым замком (Германія, 1540); 2 — карабін Генры (ЗША, 1892); 3 — самазарадны С.​Г.​Сіманава (СССР, 1945).

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)