ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.Гейлінкс, Н.Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.Дэкарта (гл.Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг.ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІЗБЕ́НЫ (Amphisbaenia),
падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).
Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУНДУКІ́ (Tamias),
род млекакормячых сям. вавёркавых атр. грызуноў. 18 відаў. Пашыраны пераважна ў хвойных лясах Паўн. паўшар’я. Найб. вядомы бурундук азіяцкі (T. sibiricus), пашыраны ў лясах паўн.-ўсх. Еўропы і ў Азіі.
Даўж.цела да 19 см, хваста да 12 см; маса да 145 г. Уздоўж спіны на жаўтавата-бурым фоне 5 чорных палос. Добра лазяць па дрэвах, гнёзды робяць у норах. Кормяцца насеннем дрэў, пупышкамі, грыбамі, ягадамі, зернем збожжавых злакаў. Восенню збіраюць вял. запасы ежы, якія выкарыстоўваюць вясной. Зімой у спячцы. Бурундук азіяцкі — носьбіт віруса клешчавога энцэфаліту. Промысел дзеля пушніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗВУ́СІКАВЫЯ НАСЯКО́МЫЯ (Protura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. У сусв. фауне каля 300 відаў, пашыраны амаль усюды. На Беларусі найб. вядомы бязвусечнік еўрапейскі (Eosentomon transitorum). Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнілых ствалах дрэў і пнях.
Даўж. 0,5—2 мм, цела членістае, чэрвепадобнае, малочна-белае або жаўтаватае. Ротавы орган сысучы, уцягнуты ў галаўную капсулу (энтагнатызм). Пярэднія грудныя ногі даўжэйшыя за астатнія, накіраваны ўперад, функцыянальна замяняюць вусікі. У пярэдняй частцы брушка рудыментарныя 1—2-членікавыя канечнасці. Лічынкі падобныя да дарослых, пераўтварэнне зводзіцца да павелічэння колькасці брушных сегментаў. Мяркуюць, што бязвусікавыя насякомыя высмоктваюць сокі з ніжэйшых грыбоў, кормяцца расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦЫ (Enterobius),
род чарвей атр. аксіўрыд кл. круглых чарвей. 20 відаў, пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і малпаў. На Беларусі пашырана вастрыца чалавечая (Enterobius vermicularis), паразітуе ў канцавым аддзеле тонкага кішэчніка і ў тоўстым кішэчніку (пераважна ў дзяцей); узбуджальнік энтэрабіёзу.
Цела ў самак даўж. 9—12 мм, самцоў 2—5 мм, белаватае, укрыта кутыкулай. Палаваспелыя самкі выпаўзаюць праз заднепраходную адтуліну, адкладваюць каля яе да 10—12 тыс. яец даўж. каля 0,05 мм і гінуць. Яйцы становяцца інвазійнымі праз 4—6 гадзін. У арганізм трапляюць з ежай, вадой і ў кішэчніку ператвараюцца ў дарослых паразітаў. Жывуць да 1 месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЫК-РЫ́БА (Diodon hystrix),
рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.
Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).
Даўж.цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАСПАРЫ́ДЫІ (Haemosporidia),
кроваспаравікі, падатрад прасцейшых кл. спаравікоў. 10 родаў, больш як 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Паразітуюць у эрытрацытах або эндатэліяльных клетках сасудаў пазваночных жывёл і чалавека. Некат. выклікаюць цяжкія захворванні. Да гемаспарыдый адносяцца плазмодыі, шэраг відаў якіх — узбуджальнікі малярыі.
Цела авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл са зменай гаспадароў. Прамежкавы гаспадар — пазваночная жывёла або чалавек — заражаецца пры ўкусе кровасысучым насякомым (канчатковы гаспадар). Ва ўнутр. органах прамежкавага гаспадара паразіты размнажаюцца бясполым шляхам (шызаганія), потым укараняюцца ў эрытрацыты. Палавы працэс адбываецца ў арганізме насякомых, пераносчыкаў гемаспарыдый. Для чалавека найб. небяспечныя ўзбуджальнікі малярыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКАМБІНЕЗО́Н, гідракасцюм (ад гідра... + франц. combinaison камбінаванае адзенне),
вадалазны рыштунак лёгкага тыпу, які засцерагае вадалаза ад пераахаладжэння і траўмаў пры работах пад вадой. Бываюць воданепранікальныя («сухія», ізалююць цела вадалаза ад вады) і водапранікальныя («мокрыя», утрымліваюць ваду, якая пранікла праз гідракамбінезон і сагрэта целам вадалаза). Складаецца са шлема, кашулі з пальчаткамі (або без іх) і штаноў з ботамі. Да шлема далучаюцца трубкі дыхальнага апарата. Прызначаны для спуску на глыбіню да 20 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАЛЕПІДЫ́ДЫ (Hymenolepididae),
сямейства гельмінтаў кл. стужачных чарвей. Больш за 100 родаў, каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных і субтрапічных раёнах. На Беларусі больш за 50 відаў, найб. небяспечны карлікавы цэпень (Hymenolepis nana). Паразіты птушак, пераважна свойскіх гусей і качак, млекакормячых, чалавека (асн. гаспадары). Узбуджальнікі гіменалепідыдозаў.
Даўж.цела ад долей да 700 мм, шыр. 0,2—11 мм, складаецца са сколекса, шыйкі і стробілы. На сколексе 4 прысоскі і хабаток з 8—10 і больш кручкамі. Гермафрадыты. Развіваюцца з удзелам прамежкавых (насякомыя, ракападобныя) і рэзервовых (малюскі) гаспадароў. Лічынкі гіменалепідыдаў (цыстыцэркоіды) у кішэчніку асн. гаспадара ўкараняюцца ў падслізістую абалонку.