МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).

Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)