МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),

грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.

В.​В.​Карпук.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)