«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,
старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТО́Е РУНО́,
у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.
т. 6, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну.
Створана ў сак. 1942 паводле рашэння ЦК КП(б)Б для наладжвання сувязі з падп. парт. органамі і партыз. фарміраваннямі на ПдУ і Пд Беларусі. Дыслацыравалася ў паласе Бранскага фронту. Узначальваў сакратар ЦК КП(б)Б І.І.Рыжыкаў. 2.6.1942 расфарміравана, яе функцыі часткова перададзены Паўночна-Заходняй аператыўнай групе ЦК КП(б)Б.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́РМІЯ 1918—19,
аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі ў грамадз. вайну. Сфарміравана паводле загаду РВС Рэспублікі ад 15.11.1918 з войск Заходняга раёна абароны 1918. У склад арміі ўвайшлі Заходняя, Пскоўская (з 21.1.1919 Літоўская) і 17-я (б. Віцебская) стралк. дывізіі. Камандуючы А.Я.Снесараў. Падпарадкоўвалася Галоўнакамандуючаму, з 19.2.1919 у складзе Заходняга фронту 1919—24. 13.3.1919 пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ ІЗБА́,
выбарны орган мясц. самакіравання ў Расіі ў сярэдзіне 16—1-й чвэрці 18 ст. Створана паводле земскай рэформы Івана IV. У З.і. ўваходзілі: земскі стараста, земскі дзячок, цалавальнікі; выбіраліся на 1—2 гады. Утрымліваліся мясц. насельніцтвам. У канцы 16—17 ст. З.і. падпарадкоўваліся ваяводу. З 1699 орган гар. самакіравання, складалася з бурмістраў, якіх выбіралі пасадскія людзі. У 1721—24 заменена магістратамі і ратушамі.
т. 7, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,
афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РЭЖЫ́М,
прынцып, што ўжываецца ў міжнар. дагаворах, паводле якога юрыд. і фіз. асобам адной дагаворнай дзяржавы даюцца на тэрыторыі другой дагаворнай дзяржавы такія ж правы, ільготы і перавагі, што і яго ўласным юрыд. і фіз. асобам. Можа быць устаноўлены ў заканадаўстве асобных дзяржаў. Напр., ветэраны Вял. Айч. вайны карыстаюцца сваімі правамі на тэрыторыі краін СНД, незалежна ад таго, грамадзянамі якой з гэтых краін яны з’яўляюцца.
т. 11, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР (Nestor),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Піласа (у Месеніі). Лічыўся сынам Нелея (заснавальніка Піласа) і ўнукам Пасейдона. Вылучаўся мудрасцю і красамоўствам. Паводле «Іліяды» Н. — адзін з правадыроў грэч. войска ў Траянскай вайне. З-за старасці амаль не ўдзельнічаў у баях, але дапамагаў грэкам мудрымі парадамі. У сусв. л-ры імя Н. — сімвал мудрай старасці.
Літ.:
Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. Мн., 1989.
Я.У.Новікаў.
т. 11, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ ЭР (15.2.1912, прав. Юньнань, Кітай — 17.7.1935),
кітайскі кампазітар. Самастойна авалодаў мастацтвам ігры на кіт. нар. інструментах і скрыпцы. З 1929 вывучаў еўрап. тэорыю музыкі. Яго творчасць паводле характару і муз. мовы народная, адзначана рысамі наватарства. Аўтар папулярных масавых песень, у т. л. «Марш добраахвотнікаў» (з 1949 Дзярж. гімн КНР), лірычных і інш. Сярод інш. твораў опера «Ураган над Янцзы», музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
т. 11, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРА́ВА,
агульнаабавязковае правіла паводзін, якое ўстанаўліваецца або санкцыяніруецца дзяржавай і забяспечваецца яго прымусовай сілай. Формай існавання Н.п. з’яўляюцца адпаведныя нарматыўныя акты, а таксама інш. крыніцы права. У залежнасці ад галін права адрозніваюць: адм.-прававыя Н.п., нормы працоўнага, экалагічнага, міжнар., канстытуцыйнага, гасп. і інш. галін права. Паводле часу дзеяння Н.п. падзяляюць на пастаянныя (дзейнічаюць да іх афіц. адмены) і часовыя (дзейнічаюць у межах вызначанага часу).
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)