гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе насыпу, будовай аналагічнае земляной плаціне. Бываюць напорныя і безнапорныя. Выкарыстоўваюцца для аховы ад затаплення і падтаплення с.-г. угоддзяў, населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў (Д. абвалавання), для рэгулявання рэчышчаў, прадухілення іх размываў, адкладання наносаў (рэгулявальныя Д.).
Д. абвалавання будуюць з мясц. грунтоў, яны могуць умацоўвацца каменным накідам, бетоннымі або жалезабетоннымі плітамі, мець проціфільтрацыйныя ядро або экран з гліністых грунтоў ці поліэтыленавай плёнкі, дрэнаж. Рэгулявальныя Д. будуюць з каменнага накіду, каркасна-каменных канструкцый, фашын і інш. (гл.Рэгуляцыйныя збудаванні). На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Д. робяцца пры буд-ве вадасховішчаў і водных сістэм (напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме).
Г.Г.Круглоў.
Папярочныя профілі дамбаў абвалавання з экранам з грунтавога матэрыялу (1), з ядром (2) і з экранам з поліэтыленавай плёнкі (3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Алена Мікалаеўна) (10.5.1906, г. Разань, Расія — 8.11.1957),
руская і бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1955). З 1923 працавала ў т-рах Расіі. З 1934 у Бел. трэцім дзярж. т-ры (БДТ-3), з 1937 у Мазырскім т-ры рабочай і калг. моладзі і створаным на яго базе ў 1938 Палескім абл.драм. т-ры. У 1945—46 дырэктар Брэсцкага абл.драм.т-ра імя ЛКСМБ. З 1946 актрыса Палескага і створаных на яго аснове Пінскага і Магілёўскага (1954) абл.драм. т-раў. Характарная актрыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬ-РАДЗІЁНАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (18.7.1906, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). З 1941 на фронце, нач. штаба стралк. дывізіі. Паранены трапіў у палон, з 1942 быў камандзірам «дружыны», палка, брыгады «Рускай нац.нар. арміі», сфарміраванай гітлераўцамі з ваеннапалонных. Падрыхтаваў і арганізаваў 16.8.1943 пераход гэтага фарміравання ў поўным складзе на бок партызан, якое атрымала назву 1-я Антыфаш. партыз. брыгада. Фарміраванне правяло Вілейскі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынскую аперацыю 1943 і інш. 16.9.1943 Гіль-Радзіёнаў узнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. У цяжкіх баях у час карнай аперацыі «Веснавое свята» ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 брыгада панесла вял. страты, Гіль-Радзіёнаў быў смяротна паранены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСА́РЫЙ (ад лац. glossarium слоўнік глос),
1) у мінулым слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем або перакладам. Узніклі ў 5 ст. да н.э.; іх стваральнікамі былі каментатары паэм Гамера, стараж.-індыйскіх Ведаў і інш. На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння незразумелых слоў з дапамогай глос прывялі да з’яўлення ў канцы 16 ст. Гласарый «Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ мовъ просто», «Лексеконъ в кротцѣ албо рѣчникъ выборных речей к словещизнѣ закрытыхъ» і інш. Асаблівасць бел. гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, таму мелі назву «прыточнікі». Менавіта гласарыі сталі правобразам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў.
2) Спецыяльна падрыхтаваны слоўнік для электронна-выліч. машыны пры аўтам. перакладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМЫРА́К (Лявон) (сапр.Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЕВІКІ́ (Laparosticti),
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,
рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў Нью-Йорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.Тамашчык), М.Гарошка, Я.Запруднік, П.Манькоўскі, М.Міцкевіч, М.Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел.правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»
(«Homan»),
бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац.герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, Ц.Гартнага, А.Гурло, а таксама даследаванні М.Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.Луцкевіча (пад. псеўд. А.Навіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на тэр.Беларусі ў 1773—77 і 1852 — 1926. Утвораны 22.7.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г.Гомель. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра пав. ў мяст. Беліца пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены ў складзе Магілёўскай губерні ў 1852 пасля пераносу цэнтра павета зноў у Гомель. Пл. 4719,4 кв. вёрст, нас. 224,7 тыс.чал. (1897). У 1917 у павеце было 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская; 3 гарады, 7 мястэчак. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Скасаваны 8.12.1926, яго тэр. ўключана ў Гомельскую акругу.