1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).
Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.В.Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.А.Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.
Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн.Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ (літ.Друкшай, Drũkšiai),
возера на мяжы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. і Літвы, у бас.р. Дрысвята, за 22 км на З ад г. Браслаў. Пл. 44,5 км², даўж. 13 км, найб.шыр. 5,8 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі больш за 60 км. Пл. вадазбору 604 км². Схілы катлавіны — узгоркі і грады выш. да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усх. і паўд.-ўсх. разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўд. частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыб. 5 м пясчаныя грунты, цэнтр.ч. выслана глеямі, 8 астравоў, найб. з іх Замак (пл. 0,26 км²). Зарастае каля 10% пл. возера. Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцягае р. Прорва. На беразе возера Дрысвяцкі парк. Выкарыстоўваецца як вадаём — ахаладжальнік Ігналінскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬда паверхні ў пункце,
плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.
Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, y, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, y0, Z0) мае выгляд (F′x)0 (x−x0) + (F′y)0(y−y0) + (F′z)0 (z−z0) = 0, дзе (F′x)0, (F′y)0, (F′z)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце M0. Д.п. да паверхні σ у пункце M0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да M0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб.шыр. 3,2 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́НАВА, Заронаўскае возера,
на мяжы Віцебскага і Шумілінскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Шэвінка, за 12 км на У ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,61 км², даўж. 7,6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 13,5 м, даўж. берагавой лініі 21,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м (на зах. 5—10 м), разараныя, часткова пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя, месцамі супадаюць са схіламі, у залівах на З і У сплавінныя. Падводная ч. катлавіны падзяляецца на некалькі замкнёных глыбакаводных плёсаў. На ПдУ 5 астравоў агульнай пл. 3 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, уздоўж паўн. берагоў пясчана-галечнае з валунамі. Глыбакаводная зона глеістая. Упадаюць 10 ручаёў, у т. л. з воз. Княжно; на З выцякае р. Заронаўка. Уваходзіць у зону адпачынку Заронава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСАР,
прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам.інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.
Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).
Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1915,
баявыя дзеянні паміж рас. арміямі Паўд.-Зах. фронту (40 пяхотных і 8,5 кав. дывізій, 2980 гармат) і аб’яднанымі герм. і аўстра-венг. войскамі (53,5 пяхотных і 9,5 кав. дывізій, 2440 гармат) у Карпацкіх і Бяскідскіх гарах на тэр.Галіцыі 22.1—24.4.1915 у 1-ю сусв. вайну. Праходзіла як сустрэчныя франтальныя сутыкненні бакоў на лініі да 200 км (першымі пачалі наступаць рас. войскі з мэтай уварвацца праз Карпаты на Венг. раўніну і вывесці з вайны Аўстра-Венгрыю). Ва ўпартых баях, у т. л. за крэпасць Перамышль (цяпер Пшэмысль, Польшча), рас. арміі страцілі каля 1 млн.чал., аўстра-венг. і герм. — 800 тыс.чал., у т. л. 100 тыс. забітымі. Адцягненне аўстра-венг. і герм. войск на К.а. палегчыла становішча на франтах саюзнікаў Расіі—Вялікабрытаніі і Францыі.