група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.
Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял.Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням. салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.
палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.М.Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,
наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав.група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА «ЧАЛАВЕ́К-МАШЫНА»,
складаная сістэма, у якой чалавек-аператар (ці група аператараў) узаемадзейнічае з тэхн. аб’ектам (напр., пракатным станам, транспартным сродкам, ЭВМ) у працэсах прамысл. вытв-сці, кіравання, апрацоўкі інфармацыі і інш. Праблемы С. «ч.-м.» вывучае эргатыка.
Асн. праблемы стварэння і выкарыстання С. «ч.-м» — улік магчымасцей чалавека, аптымальнае размеркаванне функцый паміж чалавекам і машынай, узгадненне рэжымаў і ўмоў іх супольнага функцыянавання. Для праектавання С. «ч.-м» распрацоўваюць мадэлі, якія апісваюць складаныя чалавека-машынныя алгарытмы рашэння задач. Рэалізуюць такія алгарытмы з дапамогай спец. пакетаў прыкладных праграм. У С.«ч.-м» на аснове дасягненняў інжынернай псіхалогіі карыстаюцца візуальным і аўдыявізуальным абменам інфармацыяй, пры якім распазнаюцца таксама моўныя паведамленні чалавека (гл.Распазнаванне вобразаў, Распазнаванне вуснай мовы), генерыруюцца адказы ў гукавой і візуальнай форме. Гл. таксама Сістэматэхніка, Эрганоміка.
На Беларусі праблемы С.«ч.-м.» даследуюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ (ад анты... + лац. frictio трэнне),
матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.
Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 16.3—15.4.1945 у 2-ю сусв. вайну.
Сав. войскі пачалі Венскую аперацыю пасля завяршэння Балатонскай абарончай аперацыі 1945. Акрамя войск 3-га (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) і 46-й арміі 2-га (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) Укр. франтоў у аперацыі ўдзельнічала Дунайская ваен. флатылія. Гал. ўдар наносіўся ў напрамку на Папу, Шопран, Вену. З Пн на Браціславу наступала 7-я гвардз. армія. Сав. войскам процістаялі ням.група армій «Поўдзень» і частка сіл групы армій «Ф». 16 сак. — 4 крас.сав. войскі прарвалі ням. абарону і выйшлі да Вены — 5—13 крас. венская групоўка праціўніка (8 танк., 1 пях. дывізіі, да 15 асобных батальёнаў) была разгромлена. 13 крас. Вена вызвалена ад гітлераўскіх войск.
У выніку Венскай аперацыі сав. войскі ўзялі ў палон 130 тыс.чал., захапілі і знішчылі 1345 танкаў і штурмавых гармат, больш за 2250 гармат і мінамётаў; поўнасцю разбілі 11 ням. дывізій, у т. л. 6-ю армію СС; стварылі ўмовы для вызвалення Чэхаславакіі, паскорылі вызваленне Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯВО́ДНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць хім. працэсаў дэградацыі (катабалізму) і біясінтэзу (анабалізму) вугляводаў у арганізме. На 1-й стадыі катабалізму пры ўдзеле стрававальных ферментаў складаныя поліцукрыды і алігацукрыды распадаюцца да монацукрыдаў (гексоз і пентоз), якія на 2-й стадыі расшчапляюцца да аднаго і таго ж трохвугляроднага прамежкавага прадукту — пірувату (гліколіз), а потым у аэробных умовах да двухвугляроднай формы — ацэтыльнай групы ацэтылкаферменту A (гл.Трыкарбонавых кіслот цыкл). У анаэробных умовах піруват у большай частцы клетак жывёльных і раслінных тканак аднаўляецца да лактату, а ў клетках дражджэй у ходзе спіртавога браджэння ператвараецца ў этылавы спірт і вуглякіслы газ. На 3-й стадыі ацэтыльная група ацэтылкаферменту A уступае ў цыкл лімоннай к-ты — агульны канчатковы шлях, на якім усе віды малекул вугляводаў акісляюцца да вуглякіслага газу. Дэградацыя вугляводаў у арганізме суправаджаецца вызваленнем значнай энергіі, якая расходуецца на розныя працэсы жыццядзейнасці. Біясінтэз вугляводаў у жывых клетках можа адбывацца шляхам глюканеагенезу (сінтэз глюкозы ў клетках печані, які ўключае 9 з 11 ферментацыйных рэакцый, што ўдзельнічаюць у яе раскладзе) і шляхам ператварэння простых вугляводаў у больш складаныя аліга- і поліцукрыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач.н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.-германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб.стараж. мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб.стараж. — гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.