ПРУ́СЫ,

група балцкіх плямён, якія насялялі ўзбярэжжа Балтыйскага м. паміж ніжнім цячэннем Віслы і Нёмана. Упамінаюцца ў пісьмовых крыніцах з 9 ст. З 10 ст. вялі барацьбу супраць прымусовай хрысціянізацыі. Да пач. 13 ст. складалі канфедэрацыю з 11 зямель. У 1230-я г. Тэўтонскі ордэн пачаў заваёўваць тэр. П., да 1283 іх землі былі захоплены і заселены ням. каланістамі; большасць насельніцтва знішчана, частка асімілявана. У 1270—80-я г. ўцалелая частка П. пасялілася каля Гродна і Слоніма. Узбр. барацьба П., у т. л. Мантаса паўстанне, адыгралі важную ролю ў зрыве крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 13 ст. У 1277 вял. кн. ВКЛ Трайдзень з дапамогай П. адбіў аб’яднаны паход татар і ўладзіміра-валынскіх князёў. Паводле археал. звестак матэрыяльная культура П. і лета-літоўцаў мае агульныя рысы.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)