РЭВІ́ЗІІ (ад лац. revisio перагляд),

перапісы насельніцтва, якое плаціла падаткі і адбывала рэкруцкую павіннасць у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Выкліканы заменай падворнага абкладання падушным падаткам. Р ўлічвалі падатныя саслоўі (да 95% насельніцтва імперыі, без Польшчы, Фінляндыі і Закаўказзя) і ч. непадатковых груп насельніцтва — духавенства, адстаўных салдат, ямшчыкоў і інш. Вынікі перапісу падлягалі шматгадовай праверцы — рэвізіі (адсюль і назва). Асобы, якія падлягалі перапісу, называліся рэвізскімі душамі і заносіліся ў т.зв. рэвізскія сказкі. Усяго праведзена 10 Р. (3—5-я, 7—10-я ахапілі і асоб жаночага полу). Колькасць насельніцтва Расіі паводле Р.: 1-й (1719) — 15,6 млн. чал.; 2-й (1744—45) — 18,1 млн.; 3-й (1763) — 23,2 млн.; 4-й (1782) — 28,4 млн.; 5-й (1795) — 37,4 млн.; 6-й (1811) — 42,7 млн.; 7-й (1815) — 43,9 млн.; 8-й (1833) — 52,9 млн.; 9-й (1850) — 56,9 млн.; 10-й (1857) — 59,3 млн. чал. На Беларусі Р. праводзіліся з 1772. Колькасць насельніцтва ў бел. губернях паводле 3-й Р. (дадатковы перапіс па далучаных бел. землях) — 1,2 млн. чал., 4-й — 1,3 млн. (Полацкая і Магілёўская губ.), 5-й — 4 млн., 6-й — 3,8 млн., 7-й — 3,8 млн., 8-й — 4,7 млн., 9-й —4,8 млн., 10-й —4,5 млн. чал. Матэрыялы Р. — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Рас. імперыі, даюць магчымасць высветліць колькасць і дынаміку руху насельніцтва, яго саслоўны і нац. склад, суадносіны сельскага і гар. насельніцтва і інш. Напр., удзельная вага прыгонных з 5-й да 10-й Р. па 5 бел. губернях знізілася з 75,7% да 55,7% усяго насельніцтва, а іх абсалютная колькасць з 1 527 699 да 1 264 400 чал. мужчынскага полу, што сведчыла пра крызіс прыгонніцтва.

Літ.:

Кабузан В.М. Изменения в размещении населения России в XVIII—первой половине XIX в.: (По материалам ревизий). М., 1971.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПІНА ІЛЬІ́ МУЗЕ́Й-СЯДЗІ́БА «ЗДРАЎНЁВА»,

музей, прысвечаны жыццю і творчасці на Беларусі рас. мастака І.Я.Рэпіна; філіял Віцебскага краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1989 у в. Здраўнёва Віцебскага р-на, якая была набыта Рэпіным у 1892. На той час сядзіба ўключала сядзібны дом, флігель, 2 жылыя дамы, гасп. будынкі, невял. парк, сад са штучным вадаёмам (захаваліся лядоўня, ліпавая алея, асобныя дрэвы, вадаём). У 1893—95 сядзібны дом перабудаваны па ўласных эскізах мастака. На працягу 1892—1904 Рэпін жыў (з перапынкамі) у Здраўнёве і стварыў тут шмат твораў. Музей размешчаны ў асабняку, адноўленым па фотаздымках, эскізах мастака паводле праекта П.​П.​Кракалёва. Экспазіцыйная пл. будынка музея 212 м². Пл. ахоўнай зоны 12 га, зоны рэгулявання забудовы 35 га. Музей вядзе збіральніцкую, даследчую, культ.-асв. работу. 380 адзінак асн. і 850 навук.-дапаможнага фондаў (2000), якія захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі, у т. л. акварэлі Рэпіна «Конік», «Афрыканскі матыў», «Запарожац», малюнкі «Вершнік страляе», «Казанне Іасафата Кунцэвіча» (1893), «Партрэт Н.​Рэпінай» і «Краявід. Здраўнёва» (абодва 1895), карціна «Дэзерцір» (1917), абразы Ісуса Хрыста (1894) і Маці Божай (1895), ліст мастака А.​Сапунову, кніга «Ўспаміны і пісьмы І.​Я.​Рэпіна» з дарчым надпісам мастака У.​Аскерку, рэчы побыту з дома ў Здраўнёве, лісты Т.​Дзяканавай (унучкі мастака), фотаздымкі мастака, яго родных і знаёмых, успаміны, кнігі пра Рэпіна, падарункі музею. У экспазіцыі асабістыя рэчы Рэпіна, фотаздымкі, мэбля канца 19 — пач. 20 ст., рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Здраўнёве.

Літ.:

Кичина Е.М. И.​Е.​Репин и Здравнево: В обретении и разлуке [2 изд]. Витебск, 1994;

Падліпскі А.М. Здраўнёва: тут жыў І.​Я.​Рэпін: Пер. з рус. Мн., 1995;

Шышанаў В. Невядомае Здраўнёва // Віц. сшытак. 2000. №4.

А.​В.​Сухарукаў, В.​А.​Шышанаў.

Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУ́БЛІКІ ПАЛА́Ц у Мінску Пабудаваны ў 1986—2001

(кіраўнік праекта М.​Пірагоў, арх. В.​Данілаў, Л.​Зданевіч, А.​Шабалін, канструктары Я.​Уласаў, А.​Яршова) на Кастрычніцкай пл., на перасячэнні 2 асн. дыяметраў горада — водна-зялёнай сістэмы поймы р. Свіслач і праспекта Скарыны. Размяшчэнне будынка на гал. кампазіцыйнай восі плошчы вызначыла строгую сіметрычнасць яго аб’ёмна-планіровачнай структуры. Вобразнае вырашэнне палаца засн. на прасторавай будове фасадаў. На першым плане — строй пілонаў перыптэра, які нясе ўсё пакрыццё будынка памерам 109,5 × 82,5 м. Другі план фасадаў у выглядзе рытмічнага спалучэння каменных сцен з вітражом; верхняя зона другога плана — зашклёны вітраж, які апяразвае будынак па перыметры і ступеньчата апускаецца да адзнакі подыума на гал. фасадзе, чым падкрэслівае аб’ём гал. і абыходнага фае. Арх.-планіровачная структура палаца грунтуецца на дакладным функцыянальным заніраванні асн. груп памяшканняў, зручных верт. і гарыз. сувязях. Р.п. складаецца з памяшканняў: комплексы глядзельных вял. залы (на 2700 месцаў),

малых залаў (агульная колькасць месцаў 800; канферэнц-залы, прэс-цэнтр, кавярня з барам і інш.); сцэнічны, блокі ўрадавы і прэзідыума; 3-павярховы кінакомплекс, залы кандыцыянераў, венткамер, дапаможныя і тэхн. памяшканні. У зоне подыума комплекс грамадска-культ. прызначэння: більярдны клуб з гульнявой арэнай, барам, маст. галерэя, кавярня. У гал. фае адкрытыя парадныя лесвіцы, 6 эскалатараў забяспечваюць сувязь паміж усімі ўзроўнямі фае і кулуараў. Р.п. мае падземны інж. корпус (аб’ём 25 тыс. м³; знаходзіцца паміж палацам і музеем Вял. Айч. вайны). Маст. афармленне інтэр’ераў вырашана ў бела-залацістых тонах, арыгінальнасцю і багаццем вызначаюцца сістэма дэкар.-асвятляльных элементаў (маст. В.​Даўгала, Ю.​Івахнішын, У.​Стальмашонак, В.​Чайка), габелены (маст. Л.​Бартлаў, В.​Грыдзіна, Г.​Крываблоцкая, В.​Крывашэева, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна). У Р.п. праводзяцца грамадска-паліт. мерапрыемствы гар., рэсп. і міжнар. значэння, кангрэсы, сімпозіумы, выстаўкі, канцэрты, конкурсы, спектаклі, выступленні оперных і балетных калектываў. Іл. гл. таксама да арт. Плошча.

Літ.:

Шамрук А. Каб удыхнуць у архітэктуру жыццё // Мастацтва. 2001. №2.

Інтэр’ер Рэспублікі палаца.

т. 14, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. receptor той, хто прымае, атрымлівае),

у жывёл і чалавека адчувальныя ўтварэнні, якія ўспрымаюць і ператвараюць раздражненні з вонкавага і ўнутр. асяроддзя ў спецыфічную актыўнасць нерв. сістэмы. Забяспечваюць арганізм неабходнай для яго існавання інфармацыяй і прыстасаваны для ўспрымання істотных для дадзенага віду жывёлы сігналаў.

Адрозніваюць Р. ў выглядзе свабодных канцоў нерв. валокнаў, дыферэнцыраваных нерв канцоў, размешчаных у глыбіні тканак, і як ч. складаных сенсорных органаў. Большасць Р. — экстэрарэцэптары (органы слыху, зроку, нюху, смаку, дотыку), якія ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Інтэрарэцэптары сігналізуюць аб стане ўнутр. органаў (сэрца, лёгкія, лімфатычныя і крывяносныя сасуды і інш.) і апорна-рухальнага апарату (пропрыярэцэптары шкілетных мышцаў, звязак, сустаўных сумак). Адны Р. атрымліваюць інфармацыю на пэўнай адлегласці ад крыніцы раздражнення (дыстантныя), другія — толькі пры непасрэдным сутыкненні з ёй (кантактныя). У залежнасці ад віду ўспрымальнага раздражнення адрозніваюць: механарэцэптары (Р. органаў слыху і гравітацыі, тактыльныя, апорна-рухальнага апарату, барарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш.); хемарэцэптары (Р. смаку і нюху, сасудзістыя і тканкавыя, адчувальныя да ўздзеяння хім. злучэнняў); фотарэцэптары (Р. органа зроку); тэрмарэцэптары (Р. скуры і ўнутр. органаў, што ўспрымаюць тэмпературныя ваганні, а таксама цэнтр. тэрмаадчувальныя нейроны); электрарэцэптары (электраадчувальныя Р. бакавой лініі). Усе Р. спецыялізаваны для рэцэпцыі адэкватных ім раздражняльнікаў. Іх функцыі ўзаемазвязаны праз ц. н. с. і з дапамогай кантактаў аднаго з адным. Дзейнасць Р. рэгулюецца ц. н. с.

У біяхіміі Р. наз. малекулы ці малекулярныя комплексы на паверхні клетак, здольныя распазнаваць спецыфічныя хім. групоўкі, малекулы ці інш. клеткі, звязваць іх і рэагаваць на ўзаемадзеянне канфармацыйнымі зменамі або перадачай сігналаў унутр. клеткі. Да рэцэптарных малекул належаць Р. гармонаў, вірусаў, таксінаў і інш.

Літ.:

Сергеев П.В., Шимановский Н.Л. Рецепторы физиологически активных веществ. М., 1987;

Внутриклеточная сигнализация. М., 1988;

Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́МІНЫ,

расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1988). Чл.-кар. Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф. Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 ў Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.​Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш. Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзелены драм. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.​Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.

Літ.:

Москалева И. Ю.​Соломин. М., 1974;

Закржевская Л. В.​Соломин. М., 1979.

Да арт. Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ННІКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (30.5.1896, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 12.7.1965),

бел. рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1949). Праф. (1960). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёрскую дзейнасць пачаў у 1916. З 1918 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі. Адзін з заснавальнікаў БДТ (1920). З 1926 акцёр і рэжысёр БДТ-2. У 1929 паставіў першы самастойны спектакль «Маёмасць» паводле аповесці Г.​Караваевай «Двор». У 1931—37 маст. кіраўнік БДТ-3, у 1937—61 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1948—52 гал. рэж.). З 1947 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це.

Яго спектаклям уласцівы грамадз. пазіцыя, вострае адчуванне сучаснасці, тонкае разуменне бел. нар. побыту і гумару, рамант. афарбоўка, паэтычнасць, выразнасць сцэнічнага малюнка. Зрабіў значны ўплыў на станаўленне бел. драматургаў К.​Крапівы, А.​Макаёнка, К.​Губарэвіча, Э.​Самуйлёнка, А.​Маўзона і інш. Сярод роляў: Аляксей («Рысь» паводле аповесці Э.​Ажэшкі «У зімовы вечар»), Васька Попел («На дне» М.​Горкага), Максімілян («Цар Максімілян», нар. драма), Аберон («Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), князь Капуста («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча) і інш. Сярод пастановак; «Мой сябар» М.​Пагодзіна (1932), «Сяржант Дроб» і «Пагібель воўка» Самуйлёнка (1935, 1939), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1937), «Партызаны» (1938, з Л.​Рахленкам), «Пяюць жаваранкі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Людзі і д’яблы» (1958) К.​Крапівы, «Хлопец з нашага горада» (1941) К.​Сіманава, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Цытадэль славы» і «На крутым павароце» Губарэвіча (1949, 1956), «Выбачайце, калі ласка!» Макаёнка (1954), «Смерць ваяводы» Ю.​Славацкага (1959), «Любоў, Надзея, Вера» П.​Васілеўскага (1961) і інш. Сярод вучняў Г.​Аўсяннікаў, Л.​Давідовіч, Г.​Дубаў, М.​Захарэвіч і інш.

Літ.:

Кандрашына К.М. Канстанцін Саннікаў. Мн., 1981;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.

У.​І.​Няфёд.

К.М.Саннікаў.
К.Саннікаў у ролі князя Капусты (справа).

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФРО́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед. ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.​Звонак, П Панчанка, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1971—72;

Океания: Избр. М., 1980;

Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;

На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.

Літ.:

Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.​Софронова. М., 1972;

Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.​Софронова. М., 1985.

А.У.Сафронаў.

т. 14, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ВАЯЎНІ́ЧЫХ БЯЗБО́ЖНІКАЎ (СВБ),

масавая атэістычная арг-цыя ў СССР у 1925—47. Створаны ў крас. 1925 на з’ездзе карэспандэнтаў газ. «Безбожник» (1922—41), да чэрв. 1929 наз. «Саюз бязбожнікаў». Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. савет (нязменны кіраўнік Е.​М.​Яраслаўскі). Мэта — ідэйная барацьба з рэлігіяй ва ўсіх яе праявах праз фарміраванне ў грамадзян СССР матэрыяліст. светапогляду. Інш. друкаваныя органы: час. «Безбожник» (1925—41), «Антирелигиозник» (1926—41), «Юные безбожники» (1931—33) і інш. У 1940 СВБ налічваў каля 3,5 млн. чл., 96 тыс. ячэек на прамысл. прадпрыемствах, у калгасах і навуч. установах. З ім супрацоўнічалі вядомыя камуніст. дзеячы Н.​К.​Крупская, А.​В.​Луначарскі, І.​І.​Скварцоў-Сцяпанаў і інш. СВБ прапагандаваў прыродазнаўчыя навук. веды, вёў індывід. атэіст. работу з вернікамі, навук. даследаванні ў галіне атэізму і крытыкі рэлігіі, выдаваў навук.-папулярную л-ру, ствараў музеі і выстаўкі. Ў практыцы мясц. ячэек СВБ (асабліва ў першы перыяд) мелі месца і гвалтоўныя метады: закрыццё з дазволу або па ініцыятыве ўлад храмаў, акты вандалізму, дэманстратыўныя абразы пачуццяў вернікаў. На Беларусі з 1926 існаваў СВБ БССР як рэсп. аддзяленне (да 1929 — Саюз бязбожнікаў Беларусі). У ім удзельнічалі бел. вучоныя С.​Я.​Вальфсон, І.​В.​Герчыкаў, М.​М.​Нікольскі, У.​І.​Пічэта і інш. З 1929 пры Белдзяржвыдавецтве існавала секцыя выданняў СВБ БССР. У 1929 2-і з’езд СВБ СССР і ЦВК СССР крытыкавалі СВБ БССР за гвалтоўныя метады дзейнасці.

З сярэдзіны 1937 у выніку рэпрэсій палітычных пацярпелі многія кіраўнікі і актывісты СВБ, дзейнасць Саюза пачала набываць фармальны характар, пачаўся адток членаў. У пач. Вял. Айч. вайны ў 1941 дзейнасць СВБ спынена, у 1947 ён фармальна распушчаны, яго сродкі і функцыі па прапагандзе атэізму перададзены зноў створанаму Усесаюзнаму т-ву па пашырэнні паліт. і навук. ведаў.

М.​Г.​Нікіцін, І.​М.​Чарнякевіч.

т. 14, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІР,

гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. За 45 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Лынтупы. Вузел аўтадарог на Смаргонь, Нарач, Брусы. 1,4 тыс. ж. (2000).

Засн., верагодна, у 13 ст. кн. Даўмонтам, які пабудаваў тут замак. Да 1528 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. Свірскіх, потым да 17 ст. Радзівілаў, пазней да 1820 зноў Свірскіх. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці’ Завілейскага, потым Свянцянскага пав. Слонімскай, з 1801 Віленскай губ. У 1879 засн. бровар, у 1896 — спіртаачышчальная вытв-сць. У 1897 у С. і 2 маёнтках 1686 ж., валасная ўправа, паштова-тэлеграфнае аддз., судова-следчы ўчастак Віленскага акр. суда, нар. вучылішча, касцёл, яўр. малітоўная школа, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазін, 34 крамы, 12 заезных дамоў, 14 корчмаў, 5 кірмашоў на год. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. У 1931—1900 ж., гмінная ўправа, касцёл, царква, паліцэйскі ўчастак, гар. суд, аптэка, лячэбніца, пошта, на святы праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Свірскага раёна Вілейскай, з 20.9.1944 — Маладзечанскай абл., з 12.10.1940 цэнтр сельсавета. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія за час вайны знішчылі ў С. 1920 чал. 6.7.1944 партызаны 16-й Смаленскай брыгады і атрада С.​Р.​Суслава вызвалілі С. і ўтрымлівалі яго да падыходу часцей Чырв. Арміі. З 25.4.1958 гар. пасёлак. З 31.8.1959 у Мядзельскім р-не, з 1960 у Мінскай вобл.

Працуюць спіртзавод, участкі Мядзельскага ВА жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Нарачанскага рыбгаса; сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, пункт быт. паслуг, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік археалогіі — гарадзішча. Помнікі архітэктуры: царква (мяжа 19—20 ст.), Мікалаеўскі касцёл (1908), сядзіба (пач. 20 ст.).

В.​М.​Князева.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ, фераэлектрычнасць,

сукупнасць электрычных і інш. уласцівасцей, характэрных для сегнетаэлектрыкаў, раздзел фізікі цвёрдага цела, які вывучае такія ўласцівасці. Сегнетаэл. ўласцівасці ўстаноўлены ў 1921 чэш. вучоным І.​Валашакам у крышталях сегнетавай солі (адсюль назва).

Арыентацыя многіх элементарных эл. дыпольных момантаў у сегнетаэлектрыку ў адным напрамку вядзе да ўзнікнення самаадвольна палярызаваных абласцей (даменаў), што абумоўлівае спецыфічныя фіз. ўласцівасці сегнетаэлектрыкаў: вял. значэнне дыэл. пранікальнасці, залежнае ад напружанасці эл. поля і т-ры, анамаліі цеплаёмістасці, п’езаэл. і інш. уласцівасцей, асабліва прыкметныя ў вобласці фазавага пераходу. Наяўнасць даменнай структуры вядзе да поўнай кампенсацыі макраскапічнай палярызацыі (адсутнічае «уніпалярнасць»), Раўнаважная даменная структура адпавядае мінімуму свабоднай энергіі крышталя. У ідэальных крышталях яна вызначаецца балансам паміж змяншэннем электрастатычнай энергіі пры ўтварэнні даменаў і энергіяй узніклых даменных сценак; у рэальных крышталях — акрамя таго, прыродай і размеркаваннем дэфектаў, а таксама перадгісторыяй узору. Паводле характару палярызацыі ячэек у даменах адрозніваюць сегнета-, антысегнета- і сегнетыэлектрыкі: у сегнетаэлектрыках усе ячэйкі маюць аднолькавы напрамак палярызацыі, у антысегнетаэлектрыках дамены складаюцца з антыпаралельна палярызаваных ячэек, якія маюць роўныя па модулі эл. моманты; у сегнетыэлектрыках эл. моманты элементарных ячэек скампенсаваны не поўнасцю і гэтыя матэрыялы маюць сегнета- і антысегнетаэлектрычныя ўласцівасці. Усе сегнетаэлектрыкі з’яўляюцца таксама піра- і п’езаэлектрыкамі. Каля Кюры пункта з-за адчувальнасці атамнай структуры крышталю да знешніх уздзеянняў многія яго ўласцівасці (дыэл., п’езаэл., электрааптычныя, пругкія і інш.) нелінейныя і экстрэмальныя. Акрамя таго дынаміка даменнай структуры істотная для анізатропных уласцівасцей крышталю ў сегнетафазе і таксама вядзе да іх нелінейнасці і ўзрастання. Такія крышталі выкарыстоўваюцца ў радыё-, опта-, акустаэлектроніцы і вымяральнай тэхніцы.

На Беларусі даследаванні па С. вядуцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Сонин АС., Струков Б.А. Введение в сегнетоэлектричество. М., 1970;

Струков Б.А., Леванюк АП. Физические основы сегнетоэлектрических явлений в кристаллах. 2 изд. М., 1995;

Физика сегнетоэлектрических явлений. Л., 1985.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)