РЭЦЭ́ПТАРЫ (ад лац. receptor той, хто прымае, атрымлівае),

у жывёл і чалавека адчувальныя ўтварэнні, якія ўспрымаюць і ператвараюць раздражненні з вонкавага і ўнутр. асяроддзя ў спецыфічную актыўнасць нерв. сістэмы. Забяспечваюць арганізм неабходнай для яго існавання інфармацыяй і прыстасаваны для ўспрымання істотных для дадзенага віду жывёлы сігналаў.

Адрозніваюць Р. ў выглядзе свабодных канцоў нерв. валокнаў, дыферэнцыраваных нерв канцоў, размешчаных у глыбіні тканак, і як ч. складаных сенсорных органаў. Большасць Р. — экстэрарэцэптары (органы слыху, зроку, нюху, смаку, дотыку), якія ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Інтэрарэцэптары сігналізуюць аб стане ўнутр. органаў (сэрца, лёгкія, лімфатычныя і крывяносныя сасуды і інш.) і апорна-рухальнага апарату (пропрыярэцэптары шкілетных мышцаў, звязак, сустаўных сумак). Адны Р. атрымліваюць інфармацыю на пэўнай адлегласці ад крыніцы раздражнення (дыстантныя), другія — толькі пры непасрэдным сутыкненні з ёй (кантактныя). У залежнасці ад віду ўспрымальнага раздражнення адрозніваюць: механарэцэптары (Р. органаў слыху і гравітацыі, тактыльныя, апорна-рухальнага апарату, барарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш.); хемарэцэптары (Р. смаку і нюху, сасудзістыя і тканкавыя, адчувальныя да ўздзеяння хім. злучэнняў); фотарэцэптары (Р. органа зроку); тэрмарэцэптары (Р. скуры і ўнутр. органаў, што ўспрымаюць тэмпературныя ваганні, а таксама цэнтр. тэрмаадчувальныя нейроны); электрарэцэптары (электраадчувальныя Р. бакавой лініі). Усе Р. спецыялізаваны для рэцэпцыі адэкватных ім раздражняльнікаў. Іх функцыі ўзаемазвязаны праз ц. н. с. і з дапамогай кантактаў аднаго з адным. Дзейнасць Р. рэгулюецца ц. н. с.

У біяхіміі Р. наз. малекулы ці малекулярныя комплексы на паверхні клетак, здольныя распазнаваць спецыфічныя хім. групоўкі, малекулы ці інш. клеткі, звязваць іх і рэагаваць на ўзаемадзеянне канфармацыйнымі зменамі або перадачай сігналаў унутр. клеткі. Да рэцэптарных малекул належаць Р. гармонаў, вірусаў, таксінаў і інш.

Літ.:

Сергеев П.В., Шимановский Н.Л. Рецепторы физиологически активных веществ. М., 1987;

Внутриклеточная сигнализация. М., 1988;

Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)