АВЕ́КАЎ (Іван Аўдзеевіч) (19.5.1919, ст. Асінаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Харкаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў-назіральнікаў (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Цэнтр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, капітан. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў асабіста 15 самалётаў праціўніка, разам з вядзёным — 6, адзін самалёт тараніў, 23 знішчыў на аэрадромах. Загінуў у паветр. баі.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАБЕ́КАЎ (Уладзімір Янокавіч) (н. 19.1.1940, г. Грозны, Чэчня),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1981), праф. (1987). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1963). З 1963 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па фізіка-хіміі свабоднарадыкальных працэсаў у тонкіх плёнках арган. і высокамалекулярных злучэнняў, стварэнні рэзістыўных і палярызацыйных матэрыялаў для электроннай прам-сці.

Тв.:

Механизм жидкофазного окисления кислородосодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.​Ц.​Дзянісавым, М.​І.​Міцкевічам).

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРДА́Ж (франц. abordage),

спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ (Галіна Іванаўна) (н. 22.11.1930, Мінск),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1987). Скончыла БДУ (1954). З 1970 працуе ў БДУ. Асн. даследаванні па эканам. праблемах нар. гаспадаркі Беларусі і рыначнай сістэмы сучаснага капіталізму.

Тв.:

Экономика Белоруссии в условиях Великой Отечественной войны (1941—1945). Мн., 1982;

Экономическая система современного капитализма. Мн., 1988 (разам з С.​В.​Мачэрным);

Государственно-монополистический капитализм: Сущность и национальные особенности. Мн., 1991 (з ім жа).

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ПЕСТ (грэч. anapaistos літар. адлюстраваны назад; адваротны дактылю),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 2 кароткіх і 1 доўгага (◡◡-).

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на трэцім складзе (- - -́): «Пацяклі́, паплылі́ за гадамі́ гады́... // На гусля́равым на́спе жвіро́вым...» (Я.​Купала. «Курган»). У рус. паэзіі анапест упершыню ўжыў А.​Сумарокаў у «Одзе супраць зладзеяў». У бел. паэзіі ўзнік у канцы 19 ст. разам з развіццём новых формаў верша.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАЎ (Антон Уладзіміравіч) (н. 27.7.1949, г. Паставы Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1971). У 1972—82 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі, з 1982 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы ў галіне машынабудавання і механізацыі буд-ва.

Тв.:

Механизация процессов отделения и переработки маломерной древесины. Мн., 1982;

Строительные и дорожные машины многоцелевого назначения. Мн., 1991 (разам з Л.​І.​Пераднёй).

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Віктар Яфімавіч) (н. 7.12.1955, г. Лягніца, Польшча),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1975). Скончыў Гомельскі ун-т (1979). Чэмпіён свету і Еўропы (1975), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету і Еўропы (1977) на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён СССР на дыстанцыях 500 м (1975), 1000 м (1976), Спартакіяды народаў СССР на дыстанцыі 500 м (1975). Неаднаразовы пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў. Усе поспехі дасягнуты на байдарцы-двойцы разам з М.Астапковічам.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕР ((Weber) Вільгельм Эдуард) (24.10.1804, г. Вітэнберг, Германія — 23.6.1891),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1834) і Пецярбургскай (1853) АН. Скончыў ун-т у Гале (1826). У 1828—49 праф. ун-таў у Гале, Гётынгене, Лейпцыгу. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, акустыцы і малекулярнай фізіцы. Аўтар тэорыі элементарных магнітаў — магн. дыполяў (1854) і гіпотэзы аб дыскрэтнасці эл. зараду (1848). Разам з К.Ф.Гаўсам распрацаваў сістэму эл. і магн. адзінак. Яго імем названа адзінка магн. патоку — вебер.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙГЕЛЬ ((Weigel) Алена) (12.5.1900, Вена — 6.5.1971),

нямецкая актрыса. Жонка Б.Брэхта. Праф. (1960). У 1918 дэбютавала ў «Новым т-ры» (Франкфурт-на-Майне). У 1923—32 выступала ў т-рах Берліна. Адна з лепшых інтэрпрэтатараў вобразаў драматургіі Брэхта. У 1933 эмігрыравала з Германіі. Працавала ў Парыжы, Капенгагене. З 1948 ва Усх. Берліне, разам з мужам стварыла т-р «Берлінер ансамбль», дзе выканала сваю лепшую ролю — Матухны Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Брэхта).

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРГЕ́ЙЧЫК (Леанід Аляксандравіч) (н. 31.10.1941, Мінск),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1968). З 1968 у Бел. аграрным ун-це. Навук. працы па тэарэт. асновах распрацоўкі рабочых органаў і сродкаў аўтаматызацыі бульбаўборачных машын.

Тв.:

Устойчивость системы автоматического вождения самоходного картофелеуборочного комбайна (разам з Л.​І.​Бурганскай, В.​П.​Буяшовым) // Трактары и сельхозмашины. 1985. № 8.

Л.​В.​Бароўка.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)