архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст.была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЧЖУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч.аўт. раёна Унутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр.Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр.паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт.ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГЕЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1823—34,
грамадзянскія войны ў Партугаліі паміж прыхільнікамі захавання канстытуцыйнай манархіі (ліберальнае дваранства, буржуазія і інтэлігенцыя, частка сялянства) і паслядоўнікамі абсалютызму (феад. вярхі, падтрыманыя каталіцкай царквой, і сяляне, якія былі пад іх уплывам). Пачаткам М.в. стаў мяцеж у Траз-уж-Монтыш (1823), узняты прыхільнікамі абсалютызму на чале з каралевай Жаакінай (жонкай караля Жуана VI) і прынцам Мігелам Браганскім. У крас. 1824 мігелісты захапілі ўладу, але не здолелі яе ўтрымаць. У 1826 пасля смерці Жуана VI (10 сак.) на трон узышоў яго сын імператар Бразіліі Педру I (у Партугаліі кароль Педру IV), які ў маі 1826 перадаў партугальскі прастол сваёй дачцэ Марыі да Глорыі, а рэгентам у ліп. 1827 прызначыў Мігела Браганскага. 30.6.1828 Мігел Браганскі дамогся ад картэсаў прызнання сябе каралём, пасля чаго картэсы распушчаны. Аднаўленне абсалютызму выклікала шэраг антыўрадавых выступленняў канстытуцыяналістаў пад кіраўніцтвам Педру, які ў крас. 1831 адрокся ад браз. прастола і выехаў у Англію, дзе фарміраваў эмігранцкія атрады. 8—9.7.1832 эмігранты-канстытуцыяналісты высадзіліся ў Порту, у пач. 1833 — у Алгарві; іх падтрымалі брыт. і франц. эскадры. 24.7.1833 канстытуцыяналісты ўзялі Лісабон; неўзабаве мігелісты здаліся. 26.5.1834 у Эвары падпісана пагадненне, паводле якога каралевай зноў стала Марыя да Глорыя. Спроба мігелістаў арганізаваць новую антыўрадавую змову ў 1837 была няўдалай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.
польская пісьменніца. Скончыла Варшаўскую прыватную гімназію (1901). У 1922—27 жыла ў Гродне, была куратарам патранату (апекі) вязняў гродзенскай турмы, памагала бел., польск., літ. зняволеным. Дэбютавала як паэтэса вершам «Я памятаю» (1898), як празаік — навелай «Арліца» (1903). Першыя раманы «Жанчыны» (1906), «Князь» (1907), «Нарцыза» (1910) напісаны ў стылявой манеры, уласцівай л-ры «Маладой Польшчы». У зб.апавяд. «Таямніцы крыві» (1917), рамане «Граф Эміль» (1920) праявілася маральнае асуджэнне 1-й сусв. вайны. Праблеме адбудавання Польшчы прысвечаны «Раман Тэрэзы Генерт» (1923). Гродзенская тэматыка ў аснове яе лепшых раманаў «Нядобрае каханне» (1928), «Мяжа» (1935), «Вузлы жыцця» (1948), драмы «Дзень яго вяртання» (1931), эсэ «У шалашы» (1924), «Гродна» (1926), «Нёман» (1934) і інш. Вострыя сац. і паліт. праблемы, псіхалогія чалавека адлюстраваны ў раманах «Галкі» (1927), «Нецярплівыя» (1938), драме «Дом жанчын» (1930) і інш. Аўтар зб-каў псіхал. мініяцюр «Характары» (1922), навел пра лагеры смерці «Медальёны» (1946), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў, дзённікаў. На бел. мову асобныя яе апавяданні пераклаў Я.Брыль. Дзярж. прэмія Польшчы 1953.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Сад: Кн. пол. апаваданняў. Мн., 1982;
Рус.пер. — Избранное. М., 1979.
Літ.:
Мусиенко С.Ф. Творчество Зофьи Налковской. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАБКІ, парубцы,
1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. былакутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.
3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁРЛ-ХА́РБАР, Пірл-Харбар (Pearl Harbor),
галоўная ваенна-марская база (ВМБ) ЗША у бухце на паўд. беразе в-ва Ааху (Гавайскія астравы). У 1887 порт перададзены ЗША уладаром Гаваяў; пасля анексіі Гаваяў ЗША у 1898 ператвораны ў ваен. базу. У час 2-й сусв. вайны 1939—45 на П.-Х. размяшчаліся гал. сілы Ціхаакіянскага флоту ЗША. Раптоўным нападам на ВМБ 7.12.1941 без абвяшчэння вайны Японія пачала баявыя дзеянні на Ціхім акіяне (гл.Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Самалёты з 6 яп. авіяносцаў 2 эшалонамі з розных напрамкаў на працягу 2 гадз нанеслі шэраг паслядоўных удараў па амер. караблях, аэрадромах і берагавых батарэях. У выніку ЗША страцілі 15 буйных караблёў (у т. л. патоплена і пашкоджана 8 лінкораў), шмат малых суднаў, 272 самалёты, 3400 чал. забітымі і параненымі. Страты японцаў склалі 29 самалётаў, 5 падводных лодак і 60 чал. Аднак гал. мэта нечаканага нападу — паралізаваць амер. флот — не была дасягнута. 8.12.1941 ЗША і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Японіі. 2-я сусв. вайна ахапіла акваторыю Ціхага акіяна.
Літ.:
Что произошло в Пирл-Харборе: Док.: Пер. с англ.М., 1961;
Бунич И.Л. Второй Перл-Харбор;
Лорд У. День позора. СПб., 1999;
Медведь А. Удар по Жемчужной гавани // Крылья Родины. 1992. № 1.
Амерыканскія караблі пасля налёту японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар. Снежань 1941.