«ГО́РНУНГ»
(«Hornung»),
«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял. Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц. сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».
т. 5, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)