ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),
расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэз сац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫР (Trier),
горад на ПдЗ Германіі, на р. Мозель, зямля Рэйнланд-Пфальц. Каля 150 тыс.ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: вінаробчая, тытунёвая, металаапр., эл.-тэхн., тэкст., абутковая. Цэнтр раёна вінаградарства і вінаробства. Ун-т. Музеі: зямлі Рэйнланд, Епіскапскі. Арх. помнікі: рым. — амфітэатр (каля 100), імператарскія тэрмы (каля 300), гар. вароты (пач. 4 ст., уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), базіліка (1-я пал. 4 ст.); раманскія — сабор (4—18 ст.), дамы «Франкентурм» (11 ст.) і «Драйкёнігенгаўз» (пач. 13 ст.); гатычная царква (каля 1250), рэнесансавыя і барочныя будынкі.
Засн. рымлянамі ў 16 да н.э.якваен. лагер на тэр. гальскага племя трэвераў (наз. Аўгуста Трэверорум, з 7 ст. Трэверыс, пазней Т.). Быў гал. населеным пунктам стараж.-рым.прав. Галія Белгіка, потым усёй прэфектуры Галія. З 475 пад уладай франкаў. З 9 ст. цэнтр архібіскупства. Паміж 1160 і 1190 атрымаў гар. права. У 15 ст. вольны імперскі горад. У 1473—1797 тут існаваў ун-т. З 1794 уладанне Францыі, гал. горад (да 1814) франц. дэпартамента Саар. У 1815 далучаны да Прусіі (Германія). Радзіма К.Маркса. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны. Пасля вайны ў складзе франц. зоны акупацыі Германіі, з 1949 у ФРГ.
(Toulouse-Lautrec-Monfa)] Анры Раймон Мары дэ (24.11.1864, г. Альбі, Францыя — 9.9.1901),
французскі жывапісец і графік, буйнейшы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Парыжы ў Л.Бона (1882) і Ф.Кармона (з 1883). Зазнаў уплыў Э.Дэга і яп. гравюры. Асн. тэма творчасці — забавы і быт начных парыжскіх кабарэ, кавярняў і інш., якія ён увасабляў без маральнасці, але з уласцівай яму хваравітай вастрынёй назіранняў, часта з едкай іроніяй, па-майстэрску перадаючы гратэскную дынаміку нібыта выпадкова выхапленых з жыцця мізансцэн, характарнасць поз і жэстаў: «Цырк Фернандо. Наезніца» (1888), «Танец у «Мулен Руж» (1890), «У «Мулен Руж» (1892), «Спявачка Івет Гільбер» (1894). Яго манеры ўласцівы абагульнены, гнуткі і ломкі малюнак, доўгія вібрыруючыя мазкі, халодная гама, адцененая буйнымі, яркімі, маляўнічымі плямамі. У 1890-я г. выканаў плакаты «У «Мулен Руж». Ла Гулю» (1891), «Арыстыд Бруан у «Амбасадэр» (1892), «Японская канапа», «Жан Аўрыль у «Жардэн дэ Пары» (абодва 1893) і інш., якія сталі рэв. крокам у развіцці рэкламнага плаката, у 1892—99 зрабіў больш як 300 літаграфій. Аўтар дэкарацый да спектакляў, ілюстрацый да твораў. Іл.гл. таксама да арт.Літаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́ПАЛЕЎ Андрэй Мікалаевіч (10.11.1888, с. Пустамазава Цвярской вобл., Расія — 23.12.1972),
савецкі вучоны і авіяканструктар, заснавальнік школы праектавання самалётаў. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. з 1933). Ген.-палк.-інж. (1968). Тройчы Герой Сац. Працы (1945, 1957, 1972). Герой Працы РСФСР (1926). Засл. дз. нав. і тэхнікі Расіі (1933). Бацька А.А.Тупалева. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1918). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Цэнтр. аэрагідрадынамічнага ін-та (ЦАГІ), з 1922 нач. доследнага КБ. У 1937—41 рэпрэсіраваны. З 1941 гал. канструктар авіяц. з-даў, з 1956 Ген. канструктар авіяц. прам-сці СССР. Стварыў больш як 100 тыпаў ваен. і грамадз. самалётаў, у т. л. рэкордны АНТ-25 (1933), найбуйнейшы пасажырскі «Максім Горкі» (1934), бамбардзіроўшчык Ту-2 (1941), першы сав. рэактыўны бамбардзіроўшчык Ту-12 (1947), рэактыўны пасажырскі ТУ-104 (1954), міжкантынентальны турбавінтавы аэробус Ту-114 (1957), рэактыўныя Ту-124, Ту-134, Ту-154 (1960—68), звышгукавы пасажырскі лайнер Ту-144. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1948, 1949, 1952, 1972. Залаты медаль Міжнар.авіяц. федэрацыі (1958).
Літ.:
Кербер Л.Л. Ту — человек и самолет. М., 1973;
А.Н.Туполев: Грани дерзновенного творчества. М., 1988;
Даффи П., Кандалов А.И. А.Н.Туполев: Человек и его самолеты. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЫ́НА Міхась (Міхаіл Аляксандравіч; н. 10.2.1943, пас. Ленінскі Алданскага р-на, Якуція),
бел. літаратуразнавец, крытык, пісьменнік. Д-рфілал.н. (2001). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Настаўнічаў. З 1970 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1995 заг. аддзела). Друкуецца з 1963 (вершы), як крытык і літ.-знавец з 1970. Даследуе праблемы маст. мыслення, творчай індывідуальнасці, нац. характару, традыцый і наватарства, ролю фальклору ў абнаўленні сучаснай бел. л-ры: кн. «Кузьма Чорны: Эвалюцыя мастацкага мыслення» (1973), «Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм» (з В.Жураўлёвым, 1982), «Карані і крона: фальклор і нацыянальная спецыфіка літаратуры» (1991), зб-кі крытычных артыкулаў «Змена квадры» (1983), «Час прозы» (1988) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), «Гісторыі беларускай літаратуры. XX ст.» т. 1—4, 1999—2002) і інш. Прозе Т. (кн. «Дажынкі», 1979) уласцівы аўтабіяграфічнасць, тонкі псіхалагізм, глыбокі лірызм, гумар. Аўтар аповесці пра К.Чорнага «Вяртанне» (1984). Перакладае з рус. і бел. моў.
Тв.:
Народ и война: Нац. характер как объект изображения: Опыт ист.-типол. анализа бел. воен. прозы. Мн., 1985;
Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999;
Карані і крона: Фальклор і літаратура. 2 выд.Мн.,2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАЛО́ГІЯ МЕТА́ЛАЎ,
сукупнасць спосабаў атрымання і апрацоўкі металаў навуковая дысцыпліна, якая распрацоўвае гэтыя спосабы. Ахоплівае ўсе асн. працэсы металургіі: падрыхтоўку метал. руд, здабыванне з іх металаў, вытв-сцьметал.сплаваў, атрыманне з іх загатовак і дэталей. Якнавук. дысцыпліна Т.м. звязана з металазнаўствам, фізічнай хіміяй і інш., яе асновай былі металаграфія, металургічная хімія і асновы тэорыі рэзання металаў. З пашырэннем выкарыстання канструкцыйных матэрыялаў на неметал. аснове (пластмасы, шкло, кераміка, гума і інш.) паняцце «Т.м.» паступова замяняецца паняццем «тэхналогія матэрыялаў» (матэрыялазнаўства).
З металургічных працэсаў Т.м. уключае таксама апрацоўку металаў ціскам, тэрмічную апрацоўку, тэрмамеханічную апрацоўку, хіміка-тэрмічную апрацоўку; з неметалургічных — тэхналогію ліцейнай вытворчасці, зварку і пайку металаў, апрацоўку металаў рэзаннем, электрафізічную апрацоўку, электрахімічную апрацоўку, нанясенне на метал ахоўных пакрыццяў. У Расіі навук. асновы Т.м. заклалі П.П.Аносаў і Дз.К.Чарноў. Значны ўклад у развіццё Т.м. зрабілі рас. і ўкр. вучоныя А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, Я.А.Патон, Б.Я.Патон, В.М.Свечнікаў, К.Ф.Старадубаў і інш.
На Беларусі праблемы Т.м. даследуюцца ў Бел.нац.тэхн. ун-це, Фізікатэхн. ін-це, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ, галіновых НДІ.
Літ.:
Технология металлов. М., 1974;
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985;
Никифоров В.М. Технология металлов и конструкционные материалы. 7 изд. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМАЦАВА́НЫ ЛА́ГЕР,
месца размяшчэння войск, падрыхтаванае для адбіцця атакі (наступлення) праціўніка; адна з першых форм палявых умацаванняў.
У.л. ствараліся ў Стараж. Грэцыі і Рыме (гл.Лагер; Лагер рымскі), пазней у інш. дзяржавах. Высокім майстэрствам у выкарыстанні У.л. вызначаліся дружыны Полацкага княства. У 15—17 ст. распаўсюдзіліся У.л., вядомыя ў Зах. Еўропе пад наз. вагенбургі (умацаванні з павозак ваен. абозу). У.л. выкарыстоўвалі войскі ВКЛ (напр., у Грунвальдскай бітве 1410, у бітвах пад Полацкам у 1579, Лоевам у 1649 і інш.). У Маскоўскай Русі такія ўмацаванні наз. гуляй-гарадамі. У 17—19 ст. У.л. існавалі як баявыя пазіцыі на гал. напрамках абароны. Напр., на тэр. Беларусі напярэдадні вайны 1812 размяшчаўся Дрысенскі лагер, пабудаваны паводле плана ген. К.Фуля (не быў выкарыстаны рас. войскамі з-за недахопаў у яго праектаванні).
У.л. ўяўлялі сабой замкнутыя баявыя пазіцыі, пабудаваныя звычайна ў выглядзе многавугольніка, эліпса і інш.; агульная пл. дасягала 10 км² і больш (у Дрысенскага У.л. — каля 12 км²). У.л. падзяляліся на часовыя (палявыя) і пастаянныя (доўгачасовыя). Многія з пастаянных У.л. паступова ператварыліся ў крэпасці (цытадэлі), вакол якіх выраслі гарады. На рубяжы 19—20 ст. у сувязі з развіццём сродкаў паражэння У.л. страцілі сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РЭН (Warren) Роберт Пэн (24.4.1905, Гатры, штат Кентукі, ЗША — 15.9.1989),
амерыканскі пісьменнік; прадстаўнік т.зв. паўд. школы амер. рамана. Скончыў ун-т у Вандэрбілце (1925), вучыўся ў Каліфарнійскім, Іельскім і Оксфардскім ун-тах. У 1934—73 выкладаў у Луізіянскім, Мінесоцкім, Іельскім ун-тах; адначасова ў 1935—42 працаваў у друку. Літ. дзейнасць пачаў як паэт і крытык, быў цесна звязаны з групай «новай крытыкі», якая асаблівую ўвагу аддавала аналізу стылю твора. Асн. тэма твораў — феномен амер. Поўдня. У раманах «Начны вершнік» (1939), «Перад брамай раю» (1943), «Хопіць часу і месца» (1951), «Пячора» (1959), «Патоп» (1964), «Прыйдзі ў зялёную даліну» (1971), «Прыстанішча» (1977) і інш. праблемы існавання чалавека ў святле цывілізацыйных працэсаў, заняпаду адвечных духоўных каштоўнасцей, мінуўшчыны і сучаснасці, расізму, карупцыі ў амер. грамадстве. Сусв. вядомасць прынёс раман «Уся каралеўская раць» (1946; экранізаваны ў 1949) пра палітыка-дэмагога. Аўтар паэт. зб-каў «36 паэм» (1935), «Абяцанні» (1957), «Быць на зямлі: Вершы 1977—1980 гг.» (1980) і інш., эсэ, шматлікіх літ. даследаванняў. Яго творы насычаны сімваламі, алегорыямі, алюзіямі, адметныя спалучэннем філасафічнасці з лірызмам.
Тв.:
Рус.пер. — Вся королевская рать: Роман;
Избр. стихотворения. М., 1982;
Потоп. М., 1994.
Літ.:
Мендельсон М.О. Современный американский роман. М., 1964;
Мулярчик А.С. Спор идет о человеке: О литературе США 2-й пол. XX в. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Д,
вышэйшы калегіяльны выканаўчы орган дзяржавы. У розных краінах можа мець розныя назвы; Савет Міністраў (Рэспубліка Беларусь, Францыя, Польшча, Італія), Кабінет Міністраў (Вялікабрытанія, Узбекістан), Дзярж. савет (КНР) і да т.п. Парадак фарміравання У. залежыць ад формы праўлення. Ён можа быць беспартыйны, аднапартыйны і кааліцыйны. У парламенцкіх краінах У. фарміруецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы лідэрам партыі, якая мае большасць у парламенце. У прэзідэнцкіх рэспубліках (дзе У. прадугледжаны канстытуцыяй) фарміруецца прэзідэнтам, прычым кожны з назначаных ім членаў У. ў шэрагу краін павінен быць зацверджаны парламентам. Члены У. (міністры і інш.) кіруюць канкрэтнымі цэнтр. ведамствамі дзярж. кіравання (міністэрствы і інш.). У парламенцкіх краінах яны звычайна павінны быць членамі парламента, у прэзідэнцкіх, як правіла, дзейнічае прынцып несумяшчальнасці пасады міністра з дэпутацкім мандатам. У парламенцкіх дзяржавах У. нясе калегіяльную адказнасць перад парламентам, што азначае абавязак пры страце парламенцкай большасці або выйсці ў адстаўку, або распусціць парламент і назначыць новыя датэрміновыя выбары. У федэратыўных дзяржавах існуе цэнтральны У. і У. дзярж. утварэнняў, якія ўваходзяць у склад федэрацыі. У. можа ствараць са свайго складу дапаможныя ўрадавыя камітэты. Рашэнні У. носяць характар паліт. дырэктыў або афармляюцца ў выглядзе нарматыўных актаў ці законапраектаў, якія потым уносяцца ў парламент. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСА́,
рака ў Валожынскім і Стаўбцоўскім р-нах Мінскай вобл. і Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 75 км, пл. вадазбору 665 км². У сярэднім цячэнні наз. канал Шубіна, у ніжнім — канал Шубіна-Нёманскі. Пачынаецца за 1 км на У ад в. Таўканы Валожынскага р-на, цячэ па паўд.-зах. схілах Мінскага ўзв., Верхнянёманскай нізіне, Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Нёман за 2 км на ПнУ ад г.п. Любча Навагрудскага р-на. Асн. прытокі: Шура, канал Каменка (злева), Быстрая, Замянка (справа). Даліна парэзана ярамі і лагчынамі, у верхнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—1 км, у Стаўбцоўскім р-не каля в. Драздоўшчына пашыраецца да 1,5 км, каля в. Пільніца звужаецца да 200 м. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 10—15 м. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні двухбаковая (шыр. 100—200 м), у вярхоўі і ў межах Шубіна-Нёманскага канала забалочаная, куп’істая, на астатнім працягу роўная, сухая, перасечана ручаямі і меліярац. каналамі. Рэчышча (шыр. 8—10 м) на працягу 20 км перад вусцем каналізаванае. Ледастаў ад ліст.—снеж. да сак.—красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На вадазборы У. біял. заказнік Налібоцкі.