ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),
французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.
Тв.:
Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;
Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 9, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Дэвід Герберт (11.9.1885, г. Іствуд, Вялікабрытанія — 2.3.1930), англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Нотынгемскім ун-це. Друкаваўся з 1908. У раманах «Белы паўлін» (1911), «Сыны і палюбоўнікі» (1913; экранізацыя 1960), «Вясёлка» (1915) выступіў з пратэстам супраць «механічнай цывілізацыі» 20 ст., у абарону саюзу чалавека з прыродай. У раманах «Закаханыя жанчыны» (1920), «Флейта Аарона» (1922), «Птушыны змей» (1926) зварот да натуралізму, псіхал. аналізу ў духу фрэйдызму. Найб. вядомы раман — «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» (1928; экранізацыя 1955). Творы Л. з рысамі мадэрнізму насычаны сімволікай, патэтыкай, адметныя складанасцю і вытанчанасцю стылю. Аўтар зб-каў паэзіі («Вершы пра каханне», 1913), апавяданняў («Прускі афіцэр», 1914), літ.-крытычных эсэ, дарожных нататкаў.
Тв.:
Рус. пер. — Дочь лошадника. М., 1985;
Сыновья и любовники. М., 1990;
Любовник леди Чатгерли. М., 1992.
т. 9, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (7.2.1911, в. Гудавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1973),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). З 1930 працаваў у выд-вах. У 1949—63 і з 1969 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у 1963—69 дырэктар выд-ва «Народная асвета». Друкаваўся з 1938. Аўтар кн. апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). На бел. мову пераклаў раман Э.Сінклера «No pasaran!: (Яны не пройдуць)», аповесць А.Талстога «Хлеб», раманы «Пастка» Э.Заля, «Коннік без галавы» М.Рыда, зб-кі апавяданняў Л.Талстога, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, аповесць С.Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» і інш.
т. 9, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКІН (Аляксандр Георгіевіч) (21.3.1892, с. Багародскае Макшанскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 3.8.1938),
расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнік літ. груп «Кастрычнік», «Перавал». У ранніх апавяданнях (1914—15) паказваў змрочную і ціхую павятовую глухамань. Рамант. аповесць «Падзенне Даіра» (1923) пра грамадз. вайну. Раман «Людзі з глухамані» (1937—38) пра паслярэв. змены ў рас. глыбінцы. Аўтар аповесцей «Вакзалы» (1923), «Севастопаль» (1929—30, поўн. 1931), кн. апавяданняў «Лютаўскі снег» (1928), «Апавяданні» (1931), вершаў, кінасцэнарыяў, артыкулаў і інш. Асобныя творы М. на бел. мову пераклала Г.Шаранговіч.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978;
Севастополь;
Падение Даира;
Вокзалы. Куйбышев, 1988;
Люди из захолустья. М., 1988.
Літ.:
Хватов А.И. Александр Малышкин: Жизн. путь и худож. искания писателя. Л., 1985.
С.Ф.Кузьміна.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМЕДКУЛІЗАДЭ́ (Джаліл) (22.2.1866, Нахічэвань-на-Араксе, Азербайджан — 4.1.1932),
азербайджанскі пісьменнік; пачынальнік рэв.-дэмакр. кірунку ў азерб. л-ры. Скончыў настаўніцкую семінарыю (г. Горы, 1887). З 1903 жыў у Тбілісі. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. Пісаў пад псеўд. Мала Насрэдзін. У 1906 заснаваў і рэдагаваў (да 1931, з перапынкамі) сатыр. час. «Мала Насрэдзін». У аповесці «Прапажа асла» (1894, выд. 1936), апавяданнях, камедыях «Мерцвякі» (1909), «Зборышча вар’ятаў», драме «Кеманча» (абедзве выд. 1936), сатыр. фельетонах выступаў супраць сац. прыгнёту, рэліг. фанатызму, невуцтва. Удзельнічаў у распрацоўцы новага лацінізаванага азерб. алфавіта.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. Баку, 1966;
Четки хана: Повесть и рассказы. М., 1966.
Літ.:
Шариф А. Рождение Молла Насреддина: Очерк жизни и творчества Д.Мамедкулизаде. Баку, 1968.
т. 10, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАРЭ́НКА (Алесь) (Аляксандр Герасімавіч; н. 12.4.1938, в. Ходарава Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у Слаўгарадскім райкоме камсамола, у школе-інтэрнаце, на Бел. радыё, у выд-вах, на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Маладосць», «Полымя» і інш. У 1992—98 рэдактар час. «Першацвет». Друкуецца з 1962. У аўтабіягр. аповесці «На бабровых тонях» (1971) героі — землякі і родзічы аўтара, руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Зб. апавяданняў і аповесцей «Журавіны пад снегам» (1976) пра першае пасляваен. пакаленне, якое спазнае радасць працы, любові да роднай зямлі. Раман «Баргузінскае лета» (1982) прысвечаны будаўнікам БАМа. Творы М. вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, пранікненнем у псіхалогію персанажаў, багаццем мовы, апавядальніцкім майстэрствам.
Тв.:
Сонца майго дня. Мн., 1988;
Пакуль не завялі кветкі. Мн., 1994.
У.В.Гніламёдаў.
т. 10, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац. рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Т.Я.Камароўская.
т. 10, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ГАЛІК ((Mihálik) Войцех) (н. 30.3.1926, Дольна-Стрэда, Славакія),
славацкі паэт, перакладчык. Нар. пісьменнік Славакіі (1978). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1949). У зб-ках «Анёлы» (1947), «Узброенае каханне» (1953), «Архімедавы кругі» (1960), паэме «Сэрца, якое спявае» (1952) этычныя і філас.-эстэт. праблемы. Лірызмам вызначаюцца зб-кі «Санеты пра тваю адзіноту» (1966), «Апошняе першае каханне» (1978), паэма «Апасіяната» (1964) і інш. Вядомы як перакладчык з рус., польск., ант. і інш. л-р. На бел. мову яго вершы пераклалі Х.Жычка, П.Макаль, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Татры пяюць. Мн., 1976;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977;
У кн.: Славацкая паэзія. Мн., 1990;
Рус. пер. — Круги Архимеда: Избр. М., 1964.
А.У.Вострыкава.
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР ДЖАЛА́Л (сапр. Пашаеў Мір Джалал Алі аглы; 26.4.1908, г. Ардэбіль, Іран — 28.9.1978),
азербайджанскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. нав. Азербайджана (1947). Д-р філал. н. (1947). Скончыў пед. ін-т у Баку (1935). Друкаваўся з 1928. Аўтар гіст. і сац. раманаў пра падзеі грамадз., Вял. Айч. войнаў, пасляваен. адраджэнне азерб. вёскі: «Уваскрэслы чалавек» (1935), «Маніфест маладога чалавека» (1937—39); «Адкрытая кніга» (1944), «Новы горад» (1951) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Рост», 1935; «Раны Радзімы», 1943; «Слова пра чалавечнасць», 1961, і інш.). Працы па гісторыі развіцця азерб. л-ры, майстэрства пісьменнікаў Фізулі, Мамедкулізадэ, С.Вургуна і інш. На бел. мову асобныя творы М.Дж. пераклаў В.Рабкоў.
Тв.:
Рус. пер.: — Куда ведут дороги. М., 1979.
т. 10, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКО́ (Якуб Герасімавіч) (1.6.1911, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1981),
бел. пісьменнік, журналіст, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі (1925—28; выключаны за ўдзел у рэв. руху); скончыў Баранавіцкі настаўніцкі ін-т (1949). У 1932—34 працаваў у гал. сакратарыяце рэв.-дэмакр. арг-цыі «Змаганне», супрацоўнічаў у падп. зах.-бел. друку. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. У ліст. 1939 разам з братамі арыштаваны органамі НКУС (вызвалены ў 1940). З 1947 на журналісцкай працы. Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра КПЗБ, яе дзеячаў, кіраўнікоў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. С.Прытыцкага, М.Дворнікава, М.Арэхву. Творчая спадчына М. сабрана ў кнізе «Маё маўклівае сэрца» (1983).
т. 10, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)