ВАЙНО́ВІЧ Уладзімір Мікалаевіч

(н. 26.9.1932, Душанбе),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім пед. ін-це (1958—59). Першае апавяд. «Мы тут жывём» (1961). Аўтар аповесцей «Два таварышы» (1967), «Ступень даверу» (1972), рамана «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» (1969—75, у СССР 1988; працяг — раман «Прэтэндэнт на прастол», 1979). У 1974 выключаны з СП СССР, у 1980 выехаў у ФРГ. Апублікаваў сатыр. аповесць «Іванькіяда» (1976, у СССР 1989), зб. прозы і публіцыстыкі «Шляхам узаемнай перапіскі» (1979), п’есу «Трыбунал», кнігу нарысаў «Антысавецкі Савецкі Саюз» (абедзве 1985), фантаст. раман-утопію «Масква 2042» (1986). У 1990 вярнуўся ў Расію.

Тв.:

Малое собр. соч. Т. 1—5. М., 1993.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)