ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.Г.Кастрыёта-Скандэрбекам
(блізкі сябра М.Глінкі і А.Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.Іваноў (1-я скрыпка),
М.Міхайлаў (2-я скрыпка), В.Андрэеў (альт), К.Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.А.Моцарта і Бетховена.
Літ.:
Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
вёска ў Завалочыцкім с/с Глускага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад г.п. Глуск, 200 км ад г. Магілёў, 36 км ад чыг. ст. Старыя Дарогі. 107 ж., 71 двор (1996).
У крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. У канцы 16 — пач. 19 ст. называўся Гарадок Глуск-Пагарэлы. Валодалі Гальшанскія, Гаштольды, Астрожскія, Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1847 у вёсцы 148 ж., 24 двары, уваходзіла ў маёнтак Дварэц Бабруйскага пав. У 1897 — 337 ж., 52 двары, крама, царква. У 1917 — 466 ж., 99 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Глускага р-на. У Вял.Айч. вайну Гарадок акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942—43 загубілі 89 жыхароў. З 1960 у Завалочыцкім сельсавеце.
Клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род у ВКЛ уласнага герба (змененая «Касцеша»). Верагодна, паходзілі ад турава-пінскіх Рурыкавічаў. Вядомы з канца 15 ст. Прозвішча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пінскі пав., цяпер Валынская вобл.
Украіны). Гал. галіна роду мела маёнткі ў Пінскім пав., згасла ў канцы 17 ст.; на Украіне пабочныя адгалінаванні Д., страціўшы княжацкі тытул, існавалі да 19 ст.Найб. вядомыя: Міхаіл Ніцыфар (7—1623), стольнік, падсудак земскі, паборца (1589), суддзя земскі (1606), пінскі, кашталян брэсцкі (1621), маршалак Трыбунала ВКЛ (1611); Ян Кароль (1637—29.4.1695), падстолі слонімскі (1656), маршалак пінскі (1666), маршалак вялікі (1691). У 1690 Ян Кароль атрымаў ад урада зямлю пад Пінскам, дзе збудаваў прадмесце Каралін (названа ў яго гонар) з Пінскім Каралінскім замкам і Пінскім касцёлам Карла Барамея, заснаваў Любяшоўскі піярскі калегіум і Дубровіцкі піярскі калегіум (Валынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЯ́НЬ,
рус.Дальні, горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. Уваходзіць у адм. раён Люйда. 1,7 млн.ж. (1990). Буйны порт у зал. Даляньвань Жоўтага м., на паўд.канцы п-ва Гуаньдун. Знешнегандл. і прамысл.цэнтр.Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т. л. судны), хім., нафтаперапр., электронная, буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Рыбалавецкая база.
Першапачаткова рыбацкі пасёлак Цыніва. З 1860 наз. Д. Расія, атрымаўшы ў часовую арэнду ч.тэр. Кітая, у 1899 пабудавала на месцы пасёлка канцавую станцыю Усх.-Сіб. чыгункі і пераназвала яго Дальні. У 1904—45 акупіраваны Японіяй. У жн 1945 вызвалены Сав. Арміяй. Паводле сав.-кіт. дагавора 1945 кіт. ўрад прызнаў Д. свабодным портам. Прыстані і складскія памяшканні порта былі перададзены на 30 гадоў у арэнду СССР. У 1950 уся маёмасць бязвыплатна перададзена Кітаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЦО́ВАЯ ПЛО́ШЧАў Санкт-Пецярбургу,
галоўная плошча горада, асн. звяно ў сістэме арх. ансамбляў яго цэнтра. Пачаткам фарміравання Д.п. стаў будынак Зімняга палаца (1754—62, арх. В.В.Растрэлі). У канцы 18 ст.паўд. бок плошчы рэканструяваны паводле праекта Ю.М.Фельтэна. Была намечана дугападобная форма плошчы, канчаткова замацаваная буд-вам грандыёзнага будынка Гал. штаба (1819—29, арх. К.І.Росі) з двайной праезнай аркай, у завяршэнні якой манум. калясніца. Зімні палац, арка Гал. штаба, Аляксандраўская калона надалі плошчы ўрачысты манум. характар. У 1837—43 з усх. боку Д.п. пастаўлены будынак Штаба гвардз. корпуса (арх. А.П.Брулоў). З 3 плошча раскрыта ў бок былой Адміралцейскай пл. і ўключаецца ў адзіны комплекс плошчаў цэнтра горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСА́РЫЙ (ад лац. glossarium слоўнік глос),
1) у мінулым слоўнік рэдкаўжывальных, незразумелых слоў (глос), якія трапляліся ў пісьмовых помніках, з іх тлумачэннем або перакладам. Узніклі ў 5 ст. да н.э.; іх стваральнікамі былі каментатары паэм Гамера, стараж.-індыйскіх Ведаў і інш. На Беларусі развіццё кніжнай справы і пашырэнне скарынаўскай традыцыі тлумачэння незразумелых слоў з дапамогай глос прывялі да з’яўлення ў канцы 16 ст. Гласарый «Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ мовъ просто», «Лексеконъ в кротцѣ албо рѣчникъ выборных речей к словещизнѣ закрытыхъ» і інш. Асаблівасць бел. гласарыяў у тым, што яны складаліся на аснове глос з царкоўных кніг, да якіх служылі дадаткамі, таму мелі назву «прыточнікі». Менавіта гласарыі сталі правобразам больш позніх тлумачальных і перакладных слоўнікаў.
2) Спецыяльна падрыхтаваны слоўнік для электронна-выліч. машыны пры аўтам. перакладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛА́ТКІ (Buprestidae),
сямейства насякомых падатр. разнаедных атр. жукоў. Каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у тропіках. Жывуць у лясах, садах на ствалах дрэў, кветках і лісці. На Беларусі 23 віды. Найб. вядомыя З.: антаксія чатырохкропкавая (Anthaxia quadripunctata), вузкацелая двухкрапінкавая (Agrilus biguttatus), вузкацелая зялёная (A. viridis), дубовая (Chrysobothrix affinis), ліпавая (Lampra rutilans), сіняя хваёвая (Phaenops cyanea) і інш.
Даўж. 3—100 мм. Цела клінападобнае, звужанае на канцы, з цвёрдым покрывам, часта з яркім метал. адлівам (адсюль назва). Вусікі кароткія, пілаватыя. Лічынкі плоскія, бязногія, белыя, сляпыя, з расшыранымі пярэднегрудзямі, хіцінізаванай галавой. Развіваюцца і зімуюць пад карой, на травяністых раслінах, пераважна ў каранях, пракладваюць звілістыя хады. Дарослыя кормяцца пылком, нектарам кветак, часткамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́БІСЫ,
птушкі сям. ібісавых (Ibididae, або Threskiornithidae) атрада буслападобных. 20 родаў, 32 віды. Пашыраны ў трапічных, часткова ва ўмераных паясах у балоцістых мясцовасцях. Найб. вядомыя І.: каравайка, коўпіца, пунсовы (Eudocimus ruber), чырвананогі, або японскі (Nipponia nippon), і інш. На Беларусі рэдкія залётныя птушкі каравайка і коўпіца.
Даўж. цела 48—106 см, маса 0,5—2 кг. Дзюба доўгая, загнутая ўніз (уласна І.) або прамая, пляскатая з расшырэннем на канцы (коўпіцы). У некат. частка галавы і шыя голыя, скура яркаафарбаваная. Ногі доўгія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Гняздуюць калоніямі на дрэвах, у трыснягу па берагах вадаёмаў, радзей на скалах. Нясуць 2—3 яйцы. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, малюскамі, чарвямі, насякомымі. 6 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.