І́БІСЫ,

птушкі сям. ібісавых (Ibididae, або Threskiornithidae) атрада буслападобных. 20 родаў, 32 віды. Пашыраны ў трапічных, часткова ва ўмераных паясах у балоцістых мясцовасцях. Найб. вядомыя І.: каравайка, коўпіца, пунсовы (Eudocimus ruber), чырвананогі, або японскі (Nipponia nippon), і інш. На Беларусі рэдкія залётныя птушкі каравайка і коўпіца.

Даўж. цела 48—106 см, маса 0,5—2 кг. Дзюба доўгая, загнутая ўніз (уласна І.) або прамая, пляскатая з расшырэннем на канцы (коўпіцы). У некат. частка галавы і шыя голыя, скура яркаафарбаваная. Ногі доўгія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Гняздуюць калоніямі на дрэвах, у трыснягу па берагах вадаёмаў, радзей на скалах. Нясуць 2—3 яйцы. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, малюскамі, чарвямі, насякомымі. 6 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Ібісы: 1 — пунсовы; 2 — горны; 3 — японскі; 4 — лысы.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)