БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,
маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел.тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш.ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел.нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць зкульт.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел.нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-вабел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ КАНА́Л,
у Беларусі, у Пінскім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобл., злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць праз рэкі Шчара і Ясельда; ч. былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Даўж. (разам з Выганашчанскім воз.) 54 км. Складаецца з 2 ч., якія пачынаюцца звоз. Выганашчанскае: 1-я (даўж. 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на Пн ад воз. Выганашчанскае, 2-я (даўж. 46 км) — у Ясельду за 1 км на ПнУ ад в. Мерчыцы Пінскага р-на. Прымае сцёк з густой сеткі асушальных каналаў, у т. л.з Краглевіцкага (справа) і Хварашчанскага (злева).
Будаваўся ў 1767—83 па ініцыятыве М.К.Агінскага для перавозу грузаў, пераважна лесу. У 1799—1804 вяліся работы па яго добраўпарадкаванні. У 1-ю сусв. вайну гідратэхн. збудаванні разбураны, потым адноўлены. Да 1941 выкарыстоўваўся для суднаходства і лесасплаву. У Айч. вайну шлюзы і плаціны разбураны; гасп. значэння не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),
від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял.Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі заг. Лепель (гл.Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл.Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл.Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі па ступені спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Асн. задача агракліматычнага раянавання — вылучэнне тэрыторый (паясоў, зон, абласцей, раёнаў і г.д.), што адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі клімату і ўмовамі с.-г. вытв-сці. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць вызначыць у цэлым агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, што служыць для вырашэння канкрэтных вытв. задач. Ацэнка агракліматычных рэсурсаў праводзіцца пераважна праз паказчыкі колькасці цяпла і вільгаці, умоў перазімоўкі культур. У аснову агракліматычнага раянавання ва ўмераных шыротах пакладзена сума т-р вышэй за 10 °C і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва. У найб. пашыранай схеме агракліматычнае раянаванне Беларусі (паводле А.Х.Шкляра) тэр. рэспублікі падзяляецца на 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі (гл. схему). Раянаванне грунтуецца на аснове фіз.-геагр. правінцый, улічваюцца сумы т-р паветра за цёплы перыяд года (з т-рамі паветра вышэй за 10 °C), каэфіцыент увільгатнення, кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з т-рамі паветра ад 5 да 15 °C і інш. паказчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,
закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін засн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ЮДЗІС»
(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),
масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт.Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у бок кансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», зчэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел.нар. фронту.
Літ.:
Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛА (Кастусь) (сапр.Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел. краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час.бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.
Тв.:
Змагарныя дарогі. Мн., 1994.
Літ.:
Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.