нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г. назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст.н.э., каб адрозніваць уласна яп.рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).
Літ.:
Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;
Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ.М., 1996. Т. 2. С. 491—610;
Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 ммза год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ДА,
мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс.км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс.км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс.км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).
Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн.г. назад) 2044 каля 12 000 тыс.км², аб’ём лёду 24 млн.км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш.з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр.ч.Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар.геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.
Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.
Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл.Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр.ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр.ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.
Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).
Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі зМіжнар.геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.
Літ.:
Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;
Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.
В.Ю.Панасюк.
У Антарктыдзе.Палярная станцыя Дзюмон-Дзюрвіль (Францыя) у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш.гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),
буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс.км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж.зПн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс.км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс.км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял.трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.
Літ.:
Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;
Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні зПд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 ммза год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб.з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,
вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст.З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч.тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ваКітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аўз Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс.чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас.ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл.Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.І.Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл.Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.М.Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд.ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг.Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Тайны русско-японской войны. М., 1993;
О.Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ,
нацыянальна-вызваленчы антыфаш. рух у другую сусветную вайну 1939—45 супраць ням., італьян. і яп. захопнікаў, а таксама супраць мясц.калабарацыяністаў. Р.С. быў глыбока нац. ў кожнай краіне і адначасова інтэрнацыянальны (паводле складу, узаемадзеяння і ўзаемадапамогі ўдзельнікаў) для ўсіх народаў, якія змагаліся за вызваленне ад захопнікаў. У Р.С. ўдзельнічалі прадстаўнікі розных пластоў грамадства: патрыятычна настроеныя рабочыя, сяляне, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства. У краінах Азіі ў барацьбу супраць яп. каланізатараў уключаліся некат. групы памешчыкаў. Тым не менш на развіццё Р.С. наклалі адбітак тагачасныя класавыя і ідэалаг. супярэчнасці. Амаль ва ўсіх краінах, акупіраваных агрэсарамі, у Р.С. вылучаліся 2 плыні: лева-камуністычная і права-кансерватыўная. У Францыі, Італіі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і інш. краінах абедзве плыні супрацоўнічалі ў барацьбе супраць агульнага ворага, у шэрагу краін (Югаславія, Албанія, Польшча, Грэцыя) адначасова са змаганнем супраць акупантаў яны варагавалі паміж сабой. У барацьбе супраць акупантаў Р.С. набыў разнастайныя формы: антыфаш. агітацыя і прапаганда, забастоўкі, дыверсіі і сабатаж на прадпрыемствах, якія выраблялі прадукцыю для акупантаў, збор разведвальных звестак для армій антыфаш. кааліцыі, партыз. вайна. Вышэйшая форма Р.С. — усенар. ўзбр. паўстанне. Асаблівая старонка Р.С. — мужная барацьба падп. арг-цый вязняў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў. Вязні Бухенвальда і Маўтгаўзена ў 1945 вызваліліся, узняўшы ўзбр. паўстанні. Барацьба супраць фашызму, занац. вызваленне спалучалася з барацьбой засац. і дэмакр. пераўтварэнні, у залежных краінах — з барацьбой супраць калан. прыгнёту. Пашырэнне маштабаў Р.С. ў шэрагу краін прыводзіла да аб’яднання патрыят. сіл на аснове тактыкі народнага фронту ў агульнанац. патрыят. франты (называліся Нац., Нац.-вызв. і інш.). У краінах Усх. Еўропы яны і створаныя імі часовыя ўладныя структуры адыгралі пры падтрымцы СССР значную ролю ў наступным прыходзе да ўлады камуніст. і левых сіл. У многіх краінах Еўропы ў Р.С. змагаліся грамадзяне СССР. Сярод іх Героі Сав. Саюза В.А.Квіцінскі, М.Гусейн-задэ, Ф.А.Палятаеў, В.В.Порык. У падп. групах і партыз. атрадах, што дзейнічалі на Тэр. Францыі, Польшчы, Югаславіі, Чэхаславакіі, Даніі, Нідэрландаў і інш. краін было нямала грамадзян з Беларусі: У.У.Анічэнка, У.М.Антоненка, Ф.К.Варанішча, У.П.Вардомскі, Л.М.Віцятнёў, Д.А.Гараеў, А.М.Грынеўскі, Б.К.Зузо, А.М.Кандраценка, Б.А.Кедышка, Л.М.Кашачкіна, Н.І.Лісавец, Ф.М.Ліхавец, А.Дз.Панізнік, У.М.Руткоўскі, М.С.Фралоў, В.К.Харытончык, Т.У.Чахоўская і інш. Грамадзяне шэрагу еўрап. краін змагаліся супраць гітлераўцаў у радах партызан і падпольшчыкаў на тэр.СССР, у т. л. на Беларусі (немец Ф.Шменкель, француз Р.Жан, бельгіец Ж.Говартс, славак Я.Налепка і многія інш.). На акупіраванай тэр.СССР Р.С. адбываўся ў форме партыз. і падп.-дыверсійнай дзейнасці, пераважна пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле і інш.). Партыз. рух набыў таксама масавы характар ў Югаславіі, Польшчы, Албаніі, Грэцыі, Італіі, Францыі, Кітаі, Філіпінах, Бірме, Малаі. На заключным этапе 2-й сусв. вайны Р.С. моцна спрыяў вызваленню ад акупантаў шэрагу краін (Югаславія, Францыя, Італія, Грэцыя, Кітай), у некат. выпадках сілы Супраціўлення самі вызвалілі свае краіны (Албанія, Грэцыя, Малая, В’етнам). Р.С. быў адным з істотных фактараў, якія спрыялі перамозе антыгітлераўскай кааліцыі, далейшаму развіццю нац.-вызв. барацьбы народаў Азіі і Афрыкі. Удзельнікаў Р.С. з 1951 аб’ядноўвае Міжнародная федэрацыя барацьбітоў Супраціўлення.
Літ.:
Антифашистское движение сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы. М., 1991;
Движение сопротивления в Западной Европе, 1939—1945: Нац. особенности. М., 1991.
Э.М.Позняк.
Да арт.Рух Супраціўлення. Антыфашысцкае выступленне ў Даніі. Горад Одэнсе. 1943.Да арт.Рух Супраціўлення. Грэчаскія партызаны каля збітага імі нямецка-фашысцкага самалёта. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас.р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на ПнзЦэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на Уз Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пдз Замбіяй і Анголай, на Зз Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс.км². Нас. 47 440 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр.ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г.Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст.адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.
Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл.Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 ммза год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас.р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн.кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас.р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач.н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас.р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас.р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.
ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас.р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні зінш.еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г.Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.
У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр.
адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.
Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн.га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн.га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн.га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс.т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс.т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс.м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс.т (1994). У прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас.р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс.т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. Зінш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.
Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал.прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс.км, чыгунак 5,1 тыс.км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс.км, з іх 2,4 тыс.км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі зправ. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд.дол., імпарт — 0,87 млрд.дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал.гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн.навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед.ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.
Літ.:
Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.Да арт.Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс.км². Працягласць зПн на Пд каля 950 км, зЗ на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца зЗ Адрыятычным і Іанічным морамі, зУ — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб.выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б.ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,
1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася зЗах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст.н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл.Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр.нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).
2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.