стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).
На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл.Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт. пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.
Л.І.Болсун.
Да арт.Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; — сіла цяжару; — выштурхная сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЯМу Віцебску,
мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ў Вял.Айч. вайну. Пастаўлены ў 1974 (арх. Ю Шпіт, скульпт. Б.Маркаў, Я.Печкін) на Перамогі плошчы. Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень пл. Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прамавугольніка. Да гал. манумента пракладзена дарога паміж 2 доўгімі басейнамі, з бакоў якіх пастаўлена па 5 прамавугольных пілонаў, на кожным з іх лічбы, што абазначаюць адзін з гадоў Вял.Айч. вайны. Пацэнтр. восі мемарыяла на высокім абрыве над р.Зах. Дзвіна ўзвышаецца гал. манумент. Ён складаецца з 3 трапецападобных пілонаў-абеліскаў (выш. 56 м), рэзка звужаных уверсе і аб’яднаных на вышыні 5 м 3-гранным звонку і круглым знутры маналітным скульпт. рэльефам, на гранях якога размешчаны сюжэтныя кампазіцыі «Воіны», «Партызаны», «Падпольшчыкі». У сярэдзіне манумента ўтвораны сімвалічны пантэон за кошт пілонаў-абеліскаў, злучаных кальцом-фрызам з надпісам «Слава героям», завершаным паўсферай з адтулінай уверсе; унізе, на невысокім стылабаце выкладзена 5-канцовая зорка з чырвонага граніту, у сярэдзіне якой — Вечны агонь. Плошча мемарыяла пакрыта чырвоным бетонам, акаймавана газонамі і абмежавана падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту. Іл.гл. да арт.Перамогі плошча ў Віцебску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВЕ́СТР (ад лац. sequestro стаўлю па-за, аддзяляю),
1) забарона ці абмежаванне, якое накладаецца дзяржавай на карыстанне якой-н. маёмасцю.
2) Канфіскацыя ў памешчыкаў Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны маёнткаў з сялянамі за апазіцыйную дзейнасць супраць рас. улад у канцы 18 — пач. 1-й пал. 19 ст. 3) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь права абмежаванага карыстання чужой нерухомай маёмасцю (зямельным участкам, збудаваннямі і інш.). С. можа ўстанаўлівацца для забеспячэння праходу і праезду праз суседні зямельны ўчастак, пракладкі і эксплуатацыі лініі электраперадач, сувязі і трубаправодаў, водазабеспячэння, каналізацыі і меліярацыі, а таксама інш. патрэб уласніка нерухомасці, якія не могуць быць ажыццёўлены без устанаўлення С. Парадак устанаўлення С., яго ўмовы, інш. акалічнасці, аб’екты, што могуць абмяжоўвацца С., вызначаюцца заканадаўствам.
4) У бюджэтным праве спец. механізм, які ўводзіцца ў выпадках, калі пры выкананні бюджэту адбываецца перавышэнне ўстаноўленага ўзроўню бюджэтнага дэфіцыту або скарачаюцца паступленні з даходных крыніц, а таксама ў выпадку, калі ў ходзе выканання бюджэту дэфіцыт не змяншаецца, у выніку чаго становіцца немагчымым фінансаванне прадугледжаных у бюджэце мерапрыемстваў. Механізм С. заключаецца ў прапарцыянальным зніжэнні дзярж. выдаткаў на пэўную колькасць працэнтаў штомесячна па ўсіх артыкулах бюджэту на працягу часу бягучага фін. года, які застаўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦКІ (Іван Францавіч) (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДЧЫКАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 21.4.1952. в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1975 выкладаў у Бел.рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, з 1989 заг. кафедры Бел.АМ. Працуе ў станковай, манум. і паркавай скульптуры, дробнай пластыцы, медальерным мастацтве. Аўтар кампазіцый «Дон Кіхот» (1973), «Мастак і мадэль» (1976), «Артысты тэатра лялек» (1980), «Спелыя яблыкі», «Максім Багдановіч» (абодва 1981), «Мой родны кут, як ты мне мілы...» (1982), «Арфей і муза» (1983), «Удовы. 1945 г.» (1985), «Францыск Скарына» (1986), «Зімовыя пацешкі», «Вербніца» (абедзве 1988), «Рагнеда» (1989), «Дзяды», «Анёл з апаленымі крыламі» (абедзве 1990), «Прысвячэнне Шагалу» (1994), «Вялікая жаночая фігура» (2002), нізка «Біблейскія сюжэты» (1993—97). Выканаў помнікі беларусам, якія загінулі па-за межамі Беларусі (1997), «Загінуўшым за сяброў сваіх», В.Ваньковічу (абодва 2002) у Мінску, мемар. знак М.Багдановічу (1992), мемар. дошку С.Манюшку (1999), скульптуры для Нясвіжскага парку (1988—89), «Чалавек» у г. Оберкірхен (Германія, 2000), серыю паркавых скульптур для г. Бадэн (Швейцарыя, 2001), партрэты, медалі. Творчасці ўласцівы пластычнасць, акругласць форм, сімвалічнасць маст. мовы. Іл.гл. таксама да арт.Скульптура драўляная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр.дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ.за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВКБССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕКІ́Н (італьян. Arlecchino). традыцыйны персанаж італьянскай камедыі дэль артэ; слуга-прастак, нязграбны цяльпук, які сваімі недарэчнымі паводзінамі заблытваў інтрыгу камедыі. У сярэдзіне 17 ст. ў Францыі — вобраз хітрага, дасціпнага плеткара, які актыўна ўдзельнічаў у развіцці дзеяння. Далейшая змена маскі арлекіна адбывалася па-за камедыяй дэль артэ. У 18 — пач. 19 ст. ў Францыі арлекін — вытанчаны любоўнік, шчаслівы сапернік персанажа нар.т-ра П’еро.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКЯ,
бальнеакліматычны курорт у Балгарыі. За 17 км ад Сафіі, на схілах гор Люлін. Развіваецца з пач. 20 ст. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, працяглым сонечным летам. Крыніцы мінер. водаў рознага саставу, у т. л. радонавых і тэрмальных. Акрамя сардэчна-сасудзістых лечаць хваробы гінекалагічныя і апорна-рухальнага апарату. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы, кемпінгі. База Сусветнай арг-цыі аховы здароўя для ўдасканалення мед. кадраў краін Паўд.-Усх. Еўропы па праблемах рэабілітацыі пры сардэчна-сасудзістых захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.