ГАЛАСАВА́ННЕ,
падача голасу за каго-н. або што-н.; адна з найб. пашыраных працэдур для высвятлення меркаванняў, настрояў, спадзяванняў людзей па важных праблемах паліт. жыцця, уладнай практыкі. Бывае адкрытае, закрытае (тайнае), пайменнае, пры якім афіцыйна рэгіструецца, як галасаваў пэўны член парламента ці інш. органа. Галасаваннем вырашаецца лёс дэмакратычна выбіраемых кіраўнікоў дзяржаў і мясц. органаў улады, членаў парламента, дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады насельніцтвам, а таксама кіраўнікоў, супрацоўнікаў тых або інш. органаў і ўстаноў (гл. Выбарная сістэма). Для вырашэння ключавых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця можа праводзіцца нар. галасаванне — рэферэндум.
т. 4, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)