БУКО́ЛАЎ ПАЎСТА́ННЕ,

антырымскае паўстанне ў Егіпце ў 172 (паводле інш. звестак у 174 ці 175). Назва ад Буколіі — забалочанай мясцовасці ў дэльце Ніла, куды з сярэдзіны 2 ст. ўцякалі сяляне ад цяжкіх падаткаў. Буколы пад кіраўніцтвам жраца Ісідара разбілі рым. легіёны, заваявалі ўвесь Ніжні Егіпет і падышлі да г. Александрыя. Задушана войскамі рым. палкаводца Авідзія Касія, выкліканага з Сірыі.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА СВЯТАСЛА́ВІЧ,

полацкі князь 12 ст. Сын Святаслава Усяславіча, брат Прадславы (Ефрасінні Полацкай). Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1132, калі полацкае веча прагнала навязанага Полацку кн. Святаполка Мсціславіча і выбрала Васільку Святаславіча на трон. З імем Васількі Святаславіча звязана ўсталяванне ў Полацку прынцыпу выбарнасці князя вечам. У 1143 выдаў дачку Марыю замуж за Святаслава Усеваладавіча.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЖЖЭ́, Веліж’я,

возера ў Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Прыпяць, за 11 км на У ад г. Петрыкаў. Пл. 0,23 км², даўж. 1,65 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, пясчаныя, пад хмызняком. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з р. Скалодзіна.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІН (? — пасля 1341),

князь полацкі. Брат вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У летапісных крыніцах згадваецца пад 1326, калі з пасольствам ВКЛ прыехаў у Ноўгарад на перагаворы, у выніку якіх быў усталяваны мір з наўгародцамі і немцамі (крыжакамі), што завяршыў доўгае процістаянне пскоўска-наўгародскіх і бел. зямель крыжакам і спыніў канфлікты паміж Полацкам і Ноўгарадам.

С.​В.​Тарасаў.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 39 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. Пл. 0,51 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 24,5 м. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя; паўн. — тарфяністыя, пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Вакол возера прыродаахоўная зона. Праз возера працякае Агінскі канал.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БЕЛЯНО́К,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Быстрыца, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 880 м, найб. шыр. 270 м. Пл. вадазбору 2 км². Схілы катлавіны выш. да 11 м, заходнія пад лесам і хмызняком, усходнія разараныя. Ручаямі злучаецца з азёрамі М. Белянок і Нявіда.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙКО́ЎКА,

паселішча позняга мезаліту (5-е тыс. да н.э.) каля в. Гайкоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. У навук. л-ры вядома пад назвай Печанеж (балота). Знойдзена больш за 2000 прадметаў крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл, канцавыя, паўкруглыя і двайныя скрабкі, разцы, авальныя сякеры і цёслы, праколкі і інш. Апрацоўка крэменю рабілася непасрэдна на паселішчы.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РНІ́КА (Guernica),

Герніка-і-Луна, горад на Пн Іспаніі ў Баскаў краіне (правінцыя Біская). Знаходзіцца ў Кантабрыйскіх гарах у даліне Мундака. Стараж. цэнтр баскскай культуры. У час грамадз. вайны і італа-герм. інтэрвенцыі 1936—39 26.4.1937 падверглася бамбардзіроўцы герм. авіяцыяй. Пад уражаннем гэтай падзеі створана карціна П.​Пікаса «Герніка» (1937).

Да арт. Герніка. П.​Пікаса. Герніка. 1937.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СІС (франц. glacis),

ахоўны земляны насып перад абарончым ровам замка; элемент абарончых збудаванняў. Уключалі прамежкавыя і вонкавыя ўмацаванні, за якімі хаваліся стралкі, што абаранялі падыходы да замка, і атрады, што рабілі раптоўныя набегі на ворага. Часам перад гласісам будавалі абарончыя сухія або вадзяныя равы. Пад прыкрыццём гласісу размяшчалася спец. дарога для перамяшчэння воінаў у час аблогі.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НІШЧА,

курганны могільнік крывічоў (канец 9 — пач. 11 ст.) каля в. Глінішча Полацкага р-на Віцебскай вобл. 60 паўсферычных курганоў, з іх даследавана 20. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам, у адным кургане — трупапалажэнне галавой на З. Знойдзены ляпныя гаршкі, характэрныя для доўгіх курганоў Полаччыны і Смаленшчыны, шкляныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі, скроневае кольца з серпападобнымі канцамі, нажы, серп і інш.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)