гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).
Абеліск ахвярам фашысцкага тэрору каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСІ́Й II (да пастрыжэння ў манахі Рыдзігер Аляксей Міхайлавіч; н. 23.2.1929, г. Талін),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў ленінградскія духоўную семінарыю (1949) і духоўную акадэмію (1953) са ступенню кандыдата багаслоўя. З 1950 свяшчэннік і настаяцель царквы ў г. Іыхві Талінскай епархіі, з 1957 настаяцель Успенскага сабора г. Тарту. У 1961 пастрыжаны ў манахі, узведзены ў сан архімандрыта, потым епіскапа Талінскага і Эстонскага. З 1964 архіепіскап, з 1968 мітрапаліт. З 1964 кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі, з 1986 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1990 выбраны патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТР (грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
Да арт.Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНА-ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў 1957 у Мінску на базе аддзела буд-ва і архітэктуры АН Беларусі (з 1954) як НДІбуд-ва і архітэктуры. У 1987—95 НДІ будаўніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: архітэктура і новыя канструкцыі шматпавярховых каркасных будынкаў масавага прызначэння з выкарыстаннем традыц. зборных вырабаў; архітэктурна-канструкцыйныя і тэхнал. праблемы рэканструкцыі жылых і грамадскіх будынкаў, інж. збудаванняў; сучасныя канструкцыі і тэхналогіі будовы падмуркаў, інж. камунікацый; беспрагрэўная тэхналогія вытв-сці зборнага і маналітнага бетону і жалезабетону; малапавярховае і індывід. энергаэфектыўнае жыллё хуткага буд-ва з выкарыстаннем мясцовых і інш. сучасных матэрыялаў і канструкцый; сучасныя сістэмы ацяплення і цеплавая ізаляцыя будынкаў.
орган левага крыла бел. парламенцкай фракцыі ў сейме Польшчы. Выдаваўся з 11.7.1925 да 4.12.1926 у Вільні на бел. мове. Друкаваў прамовы грамадаўскіх дэпутатаў у сейме, іх інтэрпеляцыі (запытанні), звароты да польскага ўрада і кіраўнікоў міністэрстваў. У інтэрпеляцыях (у 1927 выйшлі ў Мінску асобным выданнем на бел. і рус. мовах) і інш. дакументах выкрываліся факты грубага парушэння мясц. польск. адміністрацыяй канстытуцыі дзяржавы і падпісаных Польшчай міжнар. трактатаў, беспадстаўныя арышты і збіванне палітзняволеных, абкладанне сялян Зах. Беларусі непамернымі падаткамі, рэпрэсіі супраць бел. перыядычнага друку і інш. Вядома 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРДЫ́Ш (польск. berdysz),
старадаўняя халодная зброя ў выглядзе насаджанай на драўлянае дрэўка сякеры з лязом у форме паўмесяца. Вядомы ў краінах стараж. Усходу, у 15 — пач. 18 ст. па ўсёй Еўропе. Пашыраны ў Рус. дзяржаве ў 16—17 ст., выкарыстоўваўся пешымі воінамі, пераважна стральцамі. На Беларусі ў 16 — пач. 18 ст. масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гар. начной варты і брамнікаў. У час археал. раскопак знойдзены бярдыш 12, 14—17 ст. у Віцебску, Брэсце, Гродне, Мінску, Мядзеле і інш.Бел. збройнікі выраблялі бердышы простыя і «набіўныя срэбрам з абухамі». Блізкім да бердыша відам зброі была алебарда.
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Літвы (1965). Скончыў Камуністычны ун-тнац. меншасцей Захаду ў Маскве (1925). З 1930 у Мінску — супрацоўнік, у 1934—37 — рэдактар газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»). У 1937 рэпрэсіраваны (рэабілітаваны ў 1956). З 1945 у Вільнюсе. Аўтар зб-ка вершаў «Пад сцягам працы і барацьбы» (1934, на літоўскай мове), кнігі мемуараў «Да светлага жыцця» (1960). На літ. мову пераклаў (пад псеўд. Ф.Садайніс) паэму Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1935), асобныя творы П.Броўкі, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, І.Харыка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДЗЬКО́ (Іван Іосіфавіч) (14.3.1895, в. Плябанцы Мінскага р-на — 24.3.1984),
бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1966). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). З 1929 у праектных арг-цыях Мінска (у 1933—44 — у праектных установах Масквы). З 1957 у НДІбуд-ва і архітэктуры АН Беларусі, у 1963—73 Бел.НДІПгорадабудаўніцтва. Работы ў Мінску: 112-кватэрны жылы дом на вул. Маскоўскай (1932, у сааўт.), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак (1934), Літ. музей Я.Купалы (1959, у сааўт.); у г. Рэчыца — бальніца (1933). Сярод інш. работ: павільён СССР на міжнар. кірмашы ў Страсбургу (Францыя, 1929), жылыя, грамадскія і прамысл. пабудовы ў Маскве (1935—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ (Галіна Ануфрыеўна) (н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1986;
Юныя назаўсёды. Мн., 1983;
Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ (Марыя Уладзіміраўна) (Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),
удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г.чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл.Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.