эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛІ́ЗМ (франц. populisme ад лац. populus народ),
арыентацыя суб’ектаў палітыкі (паліт. дзеячаў, партый) на паліт. ідэі шырокіх мас, незадаволеных сац. рэчаіснасцю. З’явіўся з развіццём капіталізму сярод «прамежкавых» паміж пралетарыятам і буржуазіяй пластоў грамадства, звычайна яго носьбіты — сяляне, фермеры, дробныя прадпрымальнікі, частка рабочых, люмпенаў і інш. Пераважна развіваецца ў эпоху сац. крызісаў. Напр., разнавіднасцю П. лічаць рас.народніцтва 19 ст. У ЗША партыя папулістаў (1891—1900) узнікла як альянс фермерскіх і рабочых арг-цый. П. пашырыўся ў многіх краінах Афрыкі і Азіі ў перыяд іх барацьбы за вызваленне ад калан. залежнасці. Папулісцкімі лідэрамі былі Сунь Ятсен у Кітаі, М.К.Гандзі ў Індыі, Сукарна ў Інданезіі і інш. У аснове П. ідэя роўнасці, роўных магчымасцей для ўсіх пластоў насельніцтва задавальняць свае жыццёвыя і грамадска-паліт. патрэбы. Адрозніваюць П. рэальны і спекуляцыйны. Рэальны П. — правядзенне правячай элітай палітыкі, накіраванай на абмежаванне пануючых сац. сіл (буйных капіталістаў і зямельных уласнікаў) на карысць шырокіх нар. мас (напр., палітыка прэзідэнта Чылі С.Альендэ Госенса ў 1970—73). Спекуляцыйны П. — паддобрыванне народа на ўзроўні лозунгаў дзеля прыходу да ўлады або яе ўтрымання, дасягнення карыслівых мэт і г.д. Гэтая форма П. асабліва характэрна для аўтарытарных, таталітарных, фаш. і інш. падобных рэжымаў. Такі П. — адзін з відаў сац. і паліт. дэмагогіі (гл.Дэмагог), маніпуліравання свядомасцю маладасведчаных людзей, галасамі выбаршчыкаў і г.д. Тэрмін П. (у спекуляцыйным значэнні) выкарыстоўваюць (часта ўзаемна) розныя паліт. партыі і плыні, каб абвінаваціць сваіх праціўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,
сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОДу гісторыі,
супольнасць кроўных сваякоў, якія вядуць паходжанне ад агульнага продка (часам легендарнага) і маюць пэўныя агульныя сац., паліт., эканам., рэліг. інтарэсы. Мае вял. значэнне ў традыц. грамадствах. У феад. Беларусі роднасць вялася па мужчынскай лініі. Само паняцце «Р.» мела сэнс толькі ў дачыненні да вышэйшых пластоў грамадства (князёў, шляхты, духавенства і інш.). Члены шляхецкага Р. карысталіся агульным прозвішчам (канчаткова ўсталяваліся ў 16 ст.) і агульным гербам (уведзены Гарадзельскім прывілеем 1413 для католікаў, на праваслаўных пашыраны Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434). Прызнаваліся агульныя юрыд. правы і абавязкі шляхецкіх Р., якія спачатку неслі агульную адказнасць перад законам. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір устанавіў індывідуальную адказнасць шляхціцаў за злачынствы. Р. захоўвалі права выкупу сваіх родавых маёнткаў (вотчын) з рук пабочных асоб. У ВКЛ існавала каля 50 магнацкіх Р., члены іх мелі буйныя зямельныя ўладанні і займалі вышэйшыя дзярж. пасады (міністэрскія і сенатарскія). Значныя Р. аб’ядноўваліся вакол агульных паліт. інтарэсаў і ўтваралі своеасаблівыя партыі («фамілія» Чартарыйскіх, пратэстанцкая і каталіцкая лініі Радзівілаў, Сапегаў). З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. шляхецкія Р. страцілі паліт. ўплыў, а з развіццём капіталістычных адносін у 19 ст. зніклі як супольнасці з агульнымі эканам. інтарэсамі. У Рас. імперыі ўрад вёў улік членаў дваранскіх Р. (гл.Радаводныя кнігі), якія карысталіся пэўнымі сац.-эканам. прывілеямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),
1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.
2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,
першая міжнар.камуніст.арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.Энгельсам, В.Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.
Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважна ням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).
Літ.:
Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУ́ВЯЗЬ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ І НЕПАДЗЕ́ЛЬНАСЦІ БЕЛАРУ́СІ»,
арганізацыя, якая існавала ў 1917—18 у Вільні. У яе ўваходзілі В.Ластоўскі, князь В.Святаполк-Мірскі, барон К.Шафнагель і інш. З 2.6.1917 да 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на бел. і літ. землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць бел.-літ. дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэсп. лад, правесці беларусізацыю школ, рэліг. і дзярж. устаноў з забеспячэннем правоў нац. меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі бел. народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культ. і нац. будаўніцтве. Прызнаючы права літ. народа на незалежнасць, арг-цыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што паліт. раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем укр. пытання, вітала Укр. раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «С.н. і н.Б», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім к-там Беларускай сацыялістычнай грамады (вер. 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй 1918 у Вільні. Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРД (Tarde) Габрыэль (12.3.1843, г. Сарла-ла-Канеда, Францыя — 13.5.1904),
французскі сацыёлаг і крыміналіст, адзін з заснавальнікаў псіхалогіі сацыяльнай. З 1893 узначальваў аддзел у Мін-ве юстыцыі. З 1900 праф. новай філасофіі ў Калеж дэ Франс. Аўтар шэрагу прац «Законы пераймання» (1890), «Сацыяльная логіка» (1894) і інш.Цэнтр. механізмам сац. працэсаў лічыў дзеянне універсальных «законаў пераймання», з якімі звязваў і сац. інтэграцыю, і сац. развіццё. Да пераймання ён зводзіў розныя працэсы: сацыялізацыю як перайманне дзіцем дарослых, звычаі як перайманне традыц. узораў, моду як перайманне ўнутр. да знешняга і да т.п. Да фундаментальных сац. працэсаў адносіў таксама адаптацыю, важнейшым элементам і формай якой лічыў вынаходства. Лічыў, што ў выніку ўзаемадзеяння прыхільнікаў процілеглых вынаходстваў у грамадстве фарміруецца апазіцыя ў выглядзе сац. канфліктаў. Псіхал. канфлікты Т. разглядаў як сутыкненне процілеглых ідэй і матывацый унутры свядомасці індывіда і лічыў, што вынікам такога канфлікту могуць быць вынаходствы, што спрыяюць адаптацыі да сац. асяроддзя. Па меры прасоўвання ад маральных з’яў да эканам., а затым да паліт. сукупнасць прадметаў і з’яў, што здольны выклікаць канфлікты, імкнецца да змяншэння, але пры гэтым інтэнсіўнасць канфліктных узаемадзеянняў нарастае. Такую анамалію тлумачыў ступенню сац. прыстасаванняў, неабходных, каб інавацыя ўзнікла і рэалізавалася ў адпаведных сферах грамадства. У тлумачэнні сац. працэсаў імкнуўся выкарыстоўваць эмпірычныя паказчыкі, у прыватнасці, сац. статыстыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ВЕНЬ ЖЫЦЦЯ́,
сацыяльна-эканамічная характарыстыка ступені забеспячэння фізічных, духоўных і сацыяльных патрэбнасцей людзей. Абумоўліваецца, з аднаго боку, ступенню развіцця саміх патрэбнасцей людзей, з другога — наяўнасцю і даступнасцю даброт і паслуг для іх забеспячэння, што непасрэдна звязана з узроўнем эканамічнага развіццяграмадства. На дынаміку У.ж. істотна ўплываюць палітыка, ідэалогія, нац. і культ. традыцыі, дэмаграфічныя, экалагічныя і інш. фактары. У.ж. можа ацэньвацца ў глабальным маштабе; у цэлым па краіне (з улікам велічыні яе нацыянальнага багаццяў у дачыненні да пэўных рэгіёнаў, сац. і дэмаграфічных груп і слаёў насельніцтва, асобных людзей. У.ж. вызначаецца колькаснымі і якаснымі паказчыкамі: рэальнымі даходамі насельніцтва, узроўнем спажывання даброт і паслуг на душу насельніцтва; велічынёй аплаты і ўмовамі працы, узроўнем занятасці насельніцтва і сацыяльнага забеспячэння, развіццём аховы здароўя і адукацыі, забяспечанасцю жыллём, камунальнымі паслугамі, транспартам і сувяззю, велічынёй асабістай маёмасці грамадзян, экалагічнымі ўмовамі іх жыццядзейнасці, працягласцю жыцця і вольнага часу, даступнасцю культ. і духоўных каштоўнасцей, ступенню сац. свабоды асобы, гарантыямі яе грамадз. правоў і інш. Для абазначэння якасных характарыстык У.ж. нярэдка выкарыстоўваюць паняцце «якасць жыцця», у якім разам з аб’ектыўнымі паказчыкамі ўлічваюцца суб’ектыўныя фактары (узровень задаволенасці ўмовамі свайго жыцця, аптымізм, усведамленне асобай сэнсу жыцця і інш.). Адэкватная ацэнка У.ж. патрабуе ўліку і негатыўных сац.-эканам. з’яў: сац. няроўнасці, інфляцыі, беспрацоўя, злачыннасці, дыскрымінацыі па розных прыкметах і інш. У.ж. істотна ўплывае на індывід. і групавыя паводзіны людзей (стыль жыцця), вызначае спосаб і ўклад іх жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНЫЯ ВО́ЙСКІМіністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўнае ўзброенае фарміраванне Рэспублікі Беларусь. Прызначаны для абароны жыцця, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, канстытуцыйнага ладу, бяспекі і суверэнітэту краіны ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Падпарадкоўваюцца міністру ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь.
Папярэднікамі У.в. Беларусі былі У.в. СССР (войскі ўнутр. аховы Рэспублікі, войскі ўнутр. службы, войскі Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі і інш.). У.в., у іх ліку падраздзяленні і часці, утвораныя на базе 5-га Бел. канвойнага палка, аднымі з першых уступілі у бой з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны (132-гі асобны батальён НКУС — у Брэсцкай крэпасці), потым удзельнічалі у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў. У 1960—67 часці (аддзелы) У.в., якія дыслацыраваліся на тэр. рэспублікі, былі падпарадкаваны Мін-ву ўнутр. спраў БССР. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі 43-я канвойная дывізія У.в. СССР была перайменавана ў дывізію У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.
У 1992 на базе дывізіі і інш. часцей створаны У.в. МУС Рэспублікі Беларусь.
Асн. задачы У.в.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне рэжыму ізаляцыі асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, іх канваіраванне; ахова асабліва важных дзярж. аб’ектаў і спец. грузаў; удзел у ажыццяўленні рэжыму надзвычайнага становішча; выкананне задач у сістэме тэр. абароны і інш. Афіцэрскія кадры для У.в. рыхтуе аднайм.ф-тВаен. акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Ю.В.Жадобін.
Да арт.Унутраныя войскі. Сапёры-піратэхнікі на практычных занятках.