ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,
сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.
В.С.Аношка.
т. 13, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)