вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.
Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),
падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн.г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.
У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЎНЯ́ЛЬНІКІдля бетонаў і раствораў,
прыродныя або штучныя сыпкія матэрыялы, якія ў сумесі з вяжучымі рэчывамі і вадой (часам без яе) утвараюць бетоны 1 будаўнічыя растворы. Складаюць да 85% іх аб’ёму, дазваляюць рэгуляваць іх уласцівасці.
Падзяляюцца на дробныя з памерам зерняў да 5 мм (пераважна пясок) і буйныя 5—70 мм (жвір, друз); цяжкія, або шчыльныя (прыродныя, пераважна кварцавыя, і драблёныя пяскі. а таксама жвір і друз з розных парод, металург. шлакаў і інш. матэрыялаў) і лёгкія, або порыстыя (штучныя — аглапарыт, керамзіт. успучаныя вермікуліт і перліт, шлакавая пемза, паліўныя шлакі і попел; прыродныя — драблёныя порыстыя горныя пароды: пемза, туф, ракушачнік і інш.). Выкарыстоўваюць таксама арган. З.: пілавінне, драўняную стружку, трэскі, драблёны чарот, успучаныя палімерныя гранулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),
карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,
поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.Сабрэра; прамысл.вытв-сць наладжана А.Нобелем.
Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́Ў (Іван Барысавіч) (1.7.1902, в. Хутаранка Гомельскага р-на — 5.10.1997),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу парт. арганізатараў пры ЦКВКП(б) (1940). З 1931 на парт. рабоце, з 1940 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Цэнтр., Бранскім і Калінінскім франтах, з ліст. 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Віцебскага абкома, Аршанскага, Віцебскага гаркомаў КПБ. У 1960—71 у апараце ЦККПБ. Чл.ЦККПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1940—63. Адзін з аўтараў кн. «Без лініі фронту» (2-е выд., 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІ́Н (ням. Paraffin ад лац. parum мала + affinis роднасны; названы з-за нейтральнасці да большасці хім. рэагентаў),
сумесь насычаных вуглевадародаў з 18—35 атамамі вугляроду ў малекуле пераважна нармальнай будовы.
Воскападобнае рэчыва без паху, tпл 45—65 °C, шчыльн. 880—915 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе і этаноле, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. У звычайных умовах інертны ў адносінах да большасці кіслот, шчолачаў, галагенаў; азотнай к-той і кіслародам паветра пры 140 °C акісляецца да тлустых кіслот. Атрымліваць дэпарафінізацыяй (напр., сумессю кетонаў з талуолам) масленых дыстылятаў нафты з наступнай ачысткай. Выкарыстоўваюць для прамочвання ўпаковачнай паперы, атрымання сінт. тлустых кіслот, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, вырабу свечак (у сумесі з цэрэзінам) парафіналячэння і інш.Гл. таксама Насычаныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА старажытная платформа, што ахоплівае бас.р. Янцзы (без вярхоўяў) і больш паўдн. раёны Кітая. Ад Кітайска-Карэйскай платформы аддзелена хр. Цыньлін. Зах. палавіну платформы разам з вял. сінеклізай Сычуань складае пліта, кансалідаваная ў выніку працэсаў познапратэразойскай складкавасці (850 млн.г. назад). Фундамент месцамі выступае на паверхню (Цзяннанская антэкліза), б.ч. яго ўкрыта дыслакаваным асадкавым чахлом з адкладаў верхняга пратэразою, палеазою і мезазою, марскіх да трыясу ўключна, вышэй — кантынентальных. Усх. палавіна платформы — пліта, кансалідаваная ў працэсе каледонскай складкавасці да канца сілурыйскага перыяду, са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі таго ж узросту і больш маладымі, якія звязаны з інда-сінійскім і яншаньскім (гл.Мезазойская складкавасць) гораўтварэннем. Радовішчы руд вальфраму, сурмы, волава і поліметалаў, у бас. Сычуань паклады нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАВА (Кацярына Эдуардаўна) (18.11.1883, г. Орша Віцебскай вобл. — 15.1.1946),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1940). Творчую дзейнасць пачала ў 1898 на аматарскай сцэне ў Оршы. З 1920 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Вобразы, створаныя М., вызначаліся выразнай дасканаласцю сцэн. малюнка, эмацыянальным тэмпераментам, адчуваннем акрэсленага характару свайго персанажа. Сярод лепшых роляў: Паланея («Прымакі» Я.Купалы), Паўліна («Канец дружбы» К.Крапівы), пані Зямацкая («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), княгіня Прушынская («Панскі гайдук» Н.Бываеўскага), Скрылёва («Гута» Р.Кобеца), Яблонская («Міжбур’е» Дз.Курдзіна), Галчыха («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Фядосся («Апошнія» М.Горкага), Моця («Машачка» А.Афінагенава), Марыя Львоўна («Неспакойная старасць» Л.Рахманава), місіс Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), пані Журдэн («Мешчанін у дваранах» Мальера) і інш.