ВЕРАСА́ЕЎ

(сапр. Смідовіч) Вікенцій Вікенцьевіч (16.1.1867, г. Тула — 3.6.1945),

рускі пісьменнік, літ.-знавец, перакладчык. Скончыў гіст.-філас. ф-т Пецярбургскага ун-та (1888), мед. ф-т Дэрпцкага ун-та (г. Тарту, 1894). Працаваў урачом у Туле, Пецярбургу. У аповесцях «Без дарогі» (1895), «На павароце» (1902), апавяданні «Пошасць» паказаў бесперспектыўнасць народніцкага руху. Аповесць «Два канцы» (ч. 1—2, 1899—1903) пра цяжкі і жахлівы побыт рабочых. Папулярнасць прынесла вострапубліцыстычная кн. «Запіскі ўрача» (1901). У 1900-я г. ўваходзіў у літ. групу «Серада» (Масква). Як урач удзельнічаў у рус.-яп. вайне 1904—05. Ваен. ўражанні ў аснове серыі «Апавяданняў пра вайну» (1906; поўны тэкст «На японскай вайне», 1928) і публіцыстычных нарысаў «На вайне: Запіскі» (1907—08). У творах пераацэнка рэв. мінулага, паварот да філасофіі Ф.Ніцшэ і А.Бергсона (аповесць «Да жыцця», 1909), непрыняцце тагачаснага тэрору (раман «У тупіку», 1922), погляд інтэлігенцыі на прымусовую калектывізацыю (раман «Сёстры», 1933), эпоха праз уласныя ўспаміны (кн. «У юныя гады», 1927; «У студэнцкія гады», 1929; «Успаміны», 3-е выд., 1946). Аўтар літ.-філас. даследавання «Жывое жыццё» [ч. 1 — «Пра Дастаеўскага і Льва Талстога», 1911; ч. 2 — «Апалон і Дыяніс (пра Ніцшэ)», 1915], дакумент.-біягр. прац «Пушкін у жыцці» (1926—27), «Гогаль у жыцці» (1933), «Спадарожнікі Пушкіна» (1934—36) і інш. Перакладаў антычных паэтаў Гесіёда («Дні і турботы», 1927), Гамера («Іліяда», 1949; «Адысея», 1953) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1929—31;

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1961;

Соч. Т. 1—2. М., 1982.

С.Ф.Кузьміна.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)