феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.
Літ.:
Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.Э.Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДО́ЛЬФ II (Габсбург) (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл.Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НГХА (санскр.літар. грамадства),
будыйская абшчына, членамі якой з’яўляюцца манахі (біккху) ці манашкі (біккхуні; гл.Будызм). С. ўзніклі ў 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Індыі. Існуюць мужчынскія (найб. пашыраны) і жаночыя. Членам С. можа стаць кожная асоба па дасягненні 20-гадовага ўзросту незалежна ад расы, нацыянальнасці, касты, сац. становішча; выключэнне складаюць ваеннаслужачыя, даўжнікі, заразныя ці псіхічна хворыя. Тэрмін знаходжання ў С. вызначаецца асобай, якая жадае манастваваць (звычайна не менш як месяц). Манахі С. не з’яўляюцца свяшчэннаслужыцелямі; свой час прысвячаюць чытанню і літар. запамінанню свяшчэнных тэкстаў, вывучэнню санскрыту, медытацыі, размовам з вернікамі. Члены С. падпарадкоўваюцца адзіным правілам (Віная-пітакі), але кожнаму будыйскаму рэгіёну ўласцівы асаблівасці ў практыцы і ладзе жыцця С. Тэрмінам «С.» таксама абазначаюць усіх будыйскіх манахаў свету ці пэўнай будыйскай школы, краіны, манастыра, храма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ДЗЕ́ЛЯ ПРАГРЭ́СУ»,
праграма сац.-эканам. развіцця і паліт. пераўтварэнняў у краінах Лац. Амерыкі, якую прапанаваў прэзідэнт ЗША Дж.Ф.Кенэдзі. Прынята 17.8.1961 у г. Пунта-дэль-Эстэ (Уругвай) на надзвычайнай сесіі Міжамер. эканам. і сац. савета Арг-цыі амер. дзяржаў (19 краін Лац. Амерыкі і ЗША). Меў на ўвазе прадухіліць дэстабілізацыю ўнутр. становішча ў краінах рэгіёна пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 і быў разлічаны на 10 гадоў. Прадугледжваў фін. дапамогу краінам-удзельніцам «С.дз.П.» з боку ЗША у абмен на ажыццяўленне там эканам. і паліт. рэформ (дэмакратызацыя паліт. жыцця і інш.). Спрыяў пэўнаму эканам. прагрэсу краін Лац. Амерыкі ў 1960-я г., але не ў той меры, як разлічвалі аўтары праграмы, гал. чынам з-за супраціўлення на месцах з боку як правых, так і левых сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЙ АБЕ́ДЗВЮХ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава на тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі ў 1504—1860 (з перапынкамі). Утворана пасля аб’яднання пад уладай Іспаніі Неапалітанскага каралеўства з Сіцыліяй. Пасля вайны за ісп. спадчыну 1701—14 Сіцылія адышла да Савойскага герцагства, кантынентальная частка каралеўства — да Аўстрыйскай імперыі. У 1720 абедзве часткі зноў аб’яднаны пад уладай Габсбургаў. З 1735 у каралеўстве правілі ісп.Бурбоны. У студз. 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка, але ў чэрв. 1799 улада Бурбонаў адноўлена. У 1806 на кантынентальнай ч. ўтворана залежнае ад Францыі Неапалітанскае каралеўства (1806—15). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 С.а.К. адноўлена пад уладай Бурбонаў. Неапалітанская рэвалюцыя 1820—21 задушана аўстр. войскамі. У выніку рэвалюцыі 1859—60 у Італіі, якая скінула ўладу Бурбонаў, С.а.К. ліквідавана, яго тэр. далучана да Сардзінскага каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,
кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).
Літ.:
Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст.М., 1933;
Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),
сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).
Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКІ́РСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 17—18 ст.,
выступленні супраць феад., нац. і рэліг. прыгнёту, захопу зямель рус. памешчыкамі.
Паўстанне 1662—64 ахапіла амаль усю Башкірыю, асабліва яе паўд.-ўсх.ч., але было раздробленае і не мела агульнага кіраўніцтва. Штуршком да паўстання 1681—83 з’явілася прымусовая хрысціянізацыя башкіраў. Пачалося восенню 1681, да лета 1682 ахапіла ўсю Башкірыю, праходзіла пад лозунгам «свяшчэннай вайны» супраць рускіх. Нар. масы, якія напачатку прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, адышлі ад яго, што і вырашыла зыход паўстання. Антырус. накіраванасць мела і паўстанне 1705—11. Самае буйное — паўстанне 1735—40, яго непасрэдная прычына — буд-ва ў Башкірыі горных заводаў і крэпасцяў і прысваенне зямель башкіраў. Пацярпела жорсткае паражэнне. Паўстанне 1755 — супраць царскай адміністрацыі і мясц.Феад. знаці. Было выклікана ўзмацненнем феад. прыгнёту, прымусовай хрысціянізацыяй. Ахапіла б.ч. Башкірыі. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне мела станоўчы вынік — прыгнёт у Башкірыі быў паслаблены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДХО́ДНЫЯ ТЭХНАЛО́ГІІ,
сукупнасць тэхнал. сродкаў і працэсаў, якія прадугледжваюць максімальна поўнае выкарыстанне ў працэсе вытв-сці сыравінных і паліўна-энергет. рэсурсаў і выключаюць адходы; экалагічная стратэгія ўсёй прам-сці і с.-г. вытв-сці. Безадходныя тэхналогіі накіраваны на стварэнне экалагізаваных цыклаў безадходнай вытворчасці, падобных да прыродных працэсаў у біясферы. Асн. кірункі развіцця безадходных тэхналогій: комплекснае выкарыстанне сыравіны і матэрыялаў, стварэнне замкнёных цыклаў вытв-сці без скідвання сцёкавых водаў і выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў, улоўліванне і утылізацыя адходаў. Безадходныя тэхналогіі могуць быць эканамічна нявыгаднымі для адной вытв-сці або галіны прам-сці, але па сукупнасці вынікаў іх выкарыстанне можа даваць вял. станоўчы эфект.
Літ.:
Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек. 2 изд. М., 1986;
Сохранение окружающей среды на основе безотходного производства. Л., 1977;