ПАПАНДРЭ́У ((Papandreu) Георгіяс) (13.2.1888, г. Патры, Грэцыя — 1.11.1968),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Унук З.Мінейкі. Юрыст. У 1915 кіраўнік адміністрацыі в-ва Лесбас, у 1917—20 ген.-губернатар в-ва Хіяс. Актыўны дзеяч Ліберальнай партыі (засн. ў 1910). У 1923—33 неаднаразова чл. урада Грэцыі. Пасля ўстанаўлення дыктатуры І.Метаксаса (4.8.1936) арыштаваны. З крас. 1944 прэм’ер-міністр грэч. эмігранцкага ўрада ў Каіры, пасля Ліванскага пагаднення 1944 прэм’ер-міністр урада нац. адзінства. У 1946—51 займаў шэраг міністэрскіх пасад, у 1954—57 старшыня Ліберальнай партыі. Заснавальнік (1961) блока партый Саюз цэнтра. У ліст.-снеж. 1963 і лют.-ліп. 1965 прэм’ер-міністр. У час ваен. перавароту 21.4.1967 арыштаваны, але ў хуткім часе вызвалены.
т. 12, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)