ПАЛІ́БІЙ (Polybios; каля 200 да н.э., г. Мегалопаліс, Грэцыя — каля 120 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Сын стратэга Ахейскага саюза Лікорта. Камандаваў конніцай ахейцаў. Пасля перамогі рымлян каля Підны (168 да н.э.) над арміяй македонскага цара Персея адпраўлены ў ліку 1000 знатных ахейцаў заложнікам у Рым, дзе пражыў 16 гадоў. Зблізіўся са Сцыпіёнам Афрыканскім Малодшым, суправаджаў яго ў паходах па Іспаніі і Паўн. Афрыцы. Аўтар «Гісторыі» ў 40 кнігах, якая ахоплівае перыяд 220—146 да н.э. (захаваліся поўнасцю кн. 1—5, астатнія — фрагментарна). Гэта першая спроба выкладу гісторыі Грэцыі, Македоніі, М. Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемасувязі. Галоўнай задачай гісторыі П. лічыў не апісанне, а тлумачэнне падзей, раскрыццё прычын з’яў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі.
Літ.:
Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯТУ́ХІ, палятухавыя (Pteromyidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн.г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,
добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх.Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх.Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх.Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх.Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЦІКІ, аканіт (Aconitum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (A. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (A. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (A. wilsonii), боцікі павойныя (A. volubile), боцікі пірамідальныя (A. pyramidalis), боцікі Фішэра (A. ficheri), боцікі фіялетавыя (A. napellus), боцікі Штэрка (A. stoerkianum).
Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).
Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗНЫ ((Hrozný) Бедржых) (6.5.1879, г. Ліса-на-Лабе, Чэхія — 12.12.1952),
чэшскі ўсходазнавец, адзін з заснавальнікаў хеталогіі. Акад. Чэхаславацкай АН (1952). Праф. Венскага (1905) і Пражскага (1919) ун-таў. З 1897 вывучаў тэалогію, семіталогію і санскрыт у Венскім ун-це. У 1924—25 удзельнічаў у раскопках стараж. паселішча Кюльтэпэ. З 1929 гал. рэдактар час. «Archiv orientálni» («Усходні архіў»). З 1938 дырэктар Ін-та ўсходазнаўства ў Празе. Упершыню распрацаваў прынцыпы інтэрпрэтацыі хецкіх клінапісных тэкстаў (1915). У працы «Мова хетаў, іх лад і іх прыналежнасць да індагерманскага моўнага племені» (ч. 1—2, 1916—17) падрабязна выклаў канцэпцыю індаеўрап. характару хецкай мовы. Зрабіў першы поўны пераклад стараж. помніка клінапіснай хецкай мовы — надпісаў цара Анітаса. Аўтар прац «Хецкія клінапісныя тэксты з Багазкёя» (1919), «Хецкія клінапісныя тэксты, спроба дэшыфроўкі» (т. 1—3, 1933—37), «Старажытная гісторыя Пярэдняй Азіі, Індыі і Крыта» (4 выд., 1949), і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЬСУ́,
правінцыя ў Паўн. Кітаі. Пл. 362,9 тыс.км². Нас. каля 35 млн.чал. (1994). Адм. ц.г.Ланьчжоў. Рэльеф пераважна горны. На Пн — горы Бэйшань (выш. да 2791 м), на Пд ад іх горы Наньшань (вышэй за 5000 м), Міньшань, Цыньлін. На крайнім У частка Лёсавага плато. Клімат кантынентальны. Ападкаў 150—400 мм, на ПдУ да 600 мм. Паўн. Ганьсу адносіцца да бяссцёкавых раёнаў Цэнтр.Азіі, сярэдняя дрэніруецца р. Хуанхэ і яе прытокамі, паўд. належыць бас. Янцзы. Пераважаюць горна-стэпавыя і горна-пустынныя ландшафты. С.-г. раён, апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі, значная частка штучна арашаецца. Пасевы пшаніцы, проса, гааляну, кукурузы, ячменю, цукр. буракоў, тытуню, бавоўны. Жывёлагадоўля качавая (авечкі, буйн. раг. жывёла і які, вярблюды, коні). Нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка (цэнтр г. Юймынь). Здабыча каменнага вугалю, меднай і жал. руд. Прам-сць: хім., металаапр., атамная (вытв-сць расшчапляльных матэрыялаў). Асн.прамысл.цэнтр. — г. Ланьчжоў. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),
род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.
Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.