КАРАВА́Н-САРА́Й (ад караван + перс. серай — палац, дом),
заезны і гандл. двор для караванаў на дарогах і ў гарадах Б. Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя. Вядомы са старажытнасці, найб. пашыраны ў 9—18 ст. у сувязі з ростам гарадоў і ўзмацненнем транзітнага караваннага гандлю.
Бываюць зальныя (Арменія) — прамавугольныя ў плане будынкі, падзеленыя на нефы (сярэдні неф для людзей і тавараў, бакавыя для жывёлы). Найб. пашыраны тып К.с. — з унутр. дваром, абкружаным 1- або 2-яруснымі памяшканнямі (уверсе звычайна гасцініца, унізе — склады і стойла). Умацоўваліся сценамі або далучаліся да культавых будынкаў. З развіццём чыг. і аўтамаб. транспарту страцілі сваё значэнне.
С.А.Сергачоў.
Караван-сарай у г. Арэнбург (Расія). 1836—42. Арх. А.П.Брулоў.