ТРЫХАЦЭФАЛЁЗ [ад грэч. thrix (trichos) волас + kefalē галава],
глісная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл, чалавека, што выклікаецца нематодамі роду трыхацэфалюс. Пашыраны ўсюды, асабліва сярод свіней і жвачных. Узбуджальнікі — воласагаловы. З экскрэментамі іх яйцы трапляюць у глебу. Жывёлы заражаюцца праз корм і ваду; чалавек — пры спажыванні ягад, садавіны, агародніны, забруджаных яйцамі ўзбуджальніка. У жывёл адзначаюць залежванне, уздыбленасць шчаціння, паносы, кроў у фекаліях. Прыкметы Т. ў чалавека: галаўны боль, запоры або паносы, нерв. расстройствы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНІЛАЛАНІ́Н,
незаменная амінакіслата C6H5CH2CH(NH2)COOH. Уваходзіць у састаў амаль усіх прыродных бялкоў (акрамя пратамінаў), сустракаецца ў арганізмах у свабодным стане.
Біяхім. папярэднік у біясінтэзе Ф. ў раслін і мікраарганізмаў — фенілпіравінаградная к-та. Патрэба ў Ф. павялічваецца пры адсутнасці ў ежы тыразіну. Пры нармальным абмене праз тыразін пераўтвараецца ў дыоксіфенілаланін, меланіны, адрэналін, норадрэналін, у некат. ступені пераамінуецца. Спадчыннае парушэнне абмену Ф. прыводзіць да фенілкетанурыі (адставання фіз. і псіхічнага развіцця, расстройстваў рухаў і мышачнага тонусу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНО́МЕН (грэч. phainomenon тое, што з’яўляецца),
1) паняцце, якое азначае з’яву, што спасцігаецца ў вопыце з дапамогай пачуццяў. Прынцыпова адрозніваецца ад наўмена, які застаецца за межамі вопыту і з’яўляецца прадметам інтэлектуальнага сузірання. І.Кант імкнуўся з дапамогай паняцця Ф. рэзка адмежаваць з’яву ад сутнасці, якую лічыў непазнавальнай (гл.Агнастыцызм). З пункту гледжання дыялект. матэрыялізму непераадольнай мяжы паміж сутнасцю і з’явай няма; сутнасць пазнаецца праз з’яву.
2) Незвычайная, рэдкая з’ява, выключны факт, чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ ПАВЕ́РХНЯ,
ізаэнергетычная паверхня ў прасторы імпульсаў квазічасціцы, што адпавядае пэўнаму значэнню Фермі энергіі. Аддзяляе вобласць занятых электронных станаў, энергет. спектр якіх вызначаецца Фермі—Дзірака размеркаваннем (адсюль назва), ад вобласці, дзе пры абсалютным нулі т-ры электронаў няма. Бывае адкрытая (неперарыўна праходзіць праз усю прастору квазіімпульсаў) і замкнутая (распадаецца на поласці, кожная з якіх размяшчаецца ў элементарнай ячэйцы гэтай прасторы). Тапалагічная структура Ф.п. абумоўлівае асаблівасці электронных характарыстык металаў (цеплаёмістасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭНЕ́ЛЯ ФО́РМУЛЫ,
суадносіны, якія звязваюць амплітуды, фазы і станы палярызацыі адбітай і пераломленай светлавых хваль, што ўзніклі пры праходжанні святлапраз мяжу падзелу 2 празрыстых дыэлектрыкаў, з адпаведнымі характарыстыкамі падаючай хвалі. Устаноўлены А.Ж.Фрэнелем у 1823. Вынікаюць з эл.-магн. тэорыі святла пры рашэнні Максвела ўраўненняў і атаясамліванні светлавых ваганняў з ваганнямі вектара напружанасці эл. поля ў светлавой хвалі. Умова дастасавальнасці Ф.ф. — незалежнасць паказчыка пераламлення асяроддзя ад амплітуды вектара напружанасці эл. поля светлавой хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ЦА,
рака ва Ушацкім і Докшыцкім р-нах, а таксама на мяжы Ушацкага і Глыбоцкага р-наў Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 242 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Рагозіна Ушацкага р-на, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Беразіно Докшыцкага р-на. Рэчышча на працягу 3 км перад вусцем каналізаванае. Асн. прыток — р. Прыбойніца (злева). Цячэ пераважна праз забалочаны лес па Верхнебярэзінскай нізіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАЛІТЫ́ЧНАЕ АСАДЖЭ́ННЕ, электраасаджэнне,
выдзяленне металу на катодзе гальванічнай ванны ў выглядзе шчыльнага ці парашкападобнага асадку. Адбываецца пры прапусканні эл. току праз раствор ці расплаў, у якім ёсць іоны дадзенага металу, пры ўстанаўленні на катодзе пэўнага значэння патэнцыялу, дастатковага для электраўзнаўлення іонаў да метал. стану (гл.Электроліз). На Э.а. заснаваны вылучэнне, ачыстка і раздзяленне металаў у прам-сці і аналіт. хіміі, атрыманне гальванічных пакрыццяў, метал. парашкоў, копій, матрыц і інш. (гл. таксама Гальванатэхніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,
функцыі, якія вызначаюцца формуламі: shx = (ex − e−x)/2 (гіпербалічны сінус), chx = (ex + e−x)/2 (гіпербалічны косінус) і інш. Уласцівасці гіпербалічных функцый вынікаюць непасрэдна з іх выяўлення праз экспаненцыяльную функцыю ex.
Гіпербалічныя функцыі звязаны паміж сабой суадносінамі, падобнымі на суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі: ch2x − sh2x = 1, thx = shx/chx і г.д. Гіпербалічныя функцыі можна выразіць праз трыганаметрычныя: shx = -i sin ix, chx = cos ix і г.д. Геаметрычна гіпербалічныя функцыі атрымліваюцца пры разглядзе раўнабочнай гіпербалы x2 − y2 = 1 (адсюль назва), якую можна задаць параметрычнымі ўраўненнямі x = cht, y = sht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAC, AC — дуга гіпербалы. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні дыферэнц. ураўненняў у электратэхніцы, супраціўленні матэрыялаў, буд. механіцы і інш.
Да арт.Гіпербалічныя функцыі: а — сувязь гіпербалічнага сінуса з экспанентай (1 − y = ex/2; 2 − y = shx; 3 − y = -e-x/2); б — сувязь гіпербалічнага косінуса з экспанентай (1 − y = ex/2; 2 − y = chx; 3 − y = -e-x/2); в — графікі гіпербалічных тангенса і катангенса (1 − y = cthx; 2 − y = thx); г — геаметрычны сэнс гіпербалічных функцый (1 — гіпербала x2 − y2 = 1; CM = cht; BM = sht; AD = tht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAM).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць юрыдычных нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні вод і іх ахове. На Беларусі гэтыя адносіны рэгулююцца водным кодэксам Рэспублікі Беларусь і інш. актамі, прынятымі на яго аснове. Воды Беларусі знаходзяцца ў выключнай уласнасці дзяржавы, якая ажыццяўляе распараджэнне і карыстанне імі ў інтарэсах усяго насельніцтва краіны. Дзеянні, якія парушаюць права дзярж. уласнасці на воды, забараняюцца. Карыстанне і распараджэнне водамі, што знаходзяцца на сумежнай тэр. Беларусі з інш. дзяржавай, ажыццяўляюцца паводле пагадненняў паміж імі. Кантроль за выкарыстаннем і аховай вод дзяржава ажыццяўляе праз Саветы дэпутатаў, іх выканкомы, а таксама праз спецыяльныя ўпаўнаважаныя органы (Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго падраздзяленні на месцах і інш.). Прафсаюзы, арг-цыі моладзі, т-ва аховы прыроды, навук. т-вы і інш. грамадскія арг-цыі, а таксама грамадзяне аказваюць садзеянне дзярж. органам у ажыццяўленні мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні і ахове вод. Дзярж. органы, у сваю чаргу, пры правядзенні мерапрыемстваў па выкананні воднага заканадаўства абавязаны ўлічваць прапановы грамадскіх арг-цый, працоўных калектываў і грамадзян. Воднае заканадаўства ўтрымлівае абавязковыя для ўсіх прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян палажэнні аб умовах размяшчэння, праектавання, будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемстваў, збудаванняў і інш. аб’ектаў, якія ўплываюць на стан вод. За парушэнне воднага заканадаўства прадугледжана крымінальная, адм., дысцыплінарная, цывільна-прававая адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).
Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп 1He) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.
Літ.:
Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл.АНСССР. 1938. Т. 18, № 1;