МАЛЮСКАЦЫ́ДЫ, лімацыды (ад лац. limax слімак, смоўж + caedo забіваю),

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння малюскаў; адзін з класаў пестыцыдаў. Трапляюць у арганізм малюскаў праз скурнае покрыва або з ежай. Выкарыстоўваюцца: супраць шкоднікаў с.-г. культур (гал. чынам слімакоў) — метальдэгід (палімер ацэтальдэгіду, найб. эфектыўны), гашаная вапна і яе сумесь з тытунёвым пылам, суперфасфат, хлорысты калій, жалезны купарвас і інш.; супраць пераносчыкаў трэматадозаў (фасцыялёзаў і інш.) — ніклазамід, трыфенморф, хлорнітралід і інш. Выкарыстоўваюць метадам апыльвання ці апырсквання раслін, глебы і месцаў збірання (сховішчаў) смаўжоў, атручаных прынад.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)