вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.
Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛЫ (Selachorpha),
надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.
Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТА́НКАВЫЯ ПТУ́ШКІ, альтаншчыкі,
буданнікі (Ptilonorhynchidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8 родаў, 18 відаў. Жывуць у трапічных лясах Новай Гвінеі з прылеглымі астравамі і на Пн і У Аўстраліі. Найб.вядомы альтаншчык атласны (Ptilonorhynchus violaceus).
Даўж. 22—40 см. Апярэнне бурае, цёмна-сіняе або фіялетавае. У большасці моцныя дзюба і ногі, кароткі хвост. Многім відам характэрны палавы дымарфізм: самцы прыгажэйшыя за самак. Робяць з галінак і травы своеасаблівыя буданы або альтанкі (адсюль назва) даўж. да 1 м, выш. да 50 см для спароўвання. Пляцоўку перад імі ўпрыгожваюць пер’ем, ракавінамі, бліскучымі каменьчыкамі, насякомымі, кветкамі. Гнёзды на дрэвах, у кладцы 1—3 яйцы. Наседжвае самка. Усёедныя. Здольныя да гукапераймання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎКАзвычайная,
старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.
Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКСТЭХУ́ДЭ ((Buxtehude) Дзітрых) (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),
дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням.барока і буйнейшы папярэднік І.С.Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХУБАНЕШВА́Р,
горад у Індыі, у дэльце р. Маханады. Адм. ц. штата Арыса. Вядомы з 5 ст. 412 тыс.ж. (1991). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пераважна рыс). Адзін з цэнтраў індуісцкай рэлігіі. Ун-т. Музей.
У старой частцы горада захавалася каля 150 пераважна шыіцкіх шываіцкіх храмаў 7—16 ст., багата ўпрыгожаных разьбой. Галоўны з іх Лінгараджа (11 ст.) — выдатны помнік мясц.арх. стылю Арысы. З інш. збудаванняў гэтага тыпу: Парашурамешвара (8 ст.), Мукгэшвара (каля 950), Раджарані (9—10 ст.), Брахмешвара (11 ст.), Ананта Васудэва (13 ст.). Новая частка Бхубанешвар (грамадскія будынкі, жылыя кварталы) пабудавана ў 1940—50-я т.
Да арт.Бхубанешвар. Дэталь скульптуры храма Парашурамешвара. 8 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЕРАКРЫ́ЛЫЯ (Strepsiptera),
атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі відавы склад асобна не вывучаўся. Унутр. паразіты пчол, восаў, клапоў, цыкадак. Найб.вядомы эаксен (Eoxenos labaelbenei).
Даўж. звычайна 2—2,5 мм, у трапічных да 3 см. Уласцівы выразны палавы дымарфізм, самцы маюць зачаткавыя пярэднія (жужальцы) і вял. веерападобныя (адсюль назва) заднія крылы, добра лётаюць, з вачамі; самкі без крылаў, канечнасцей і вачэй, звычайна не пакідаюць цела гаспадара, галавагрудзі вытыркаюцца вонкі. Развіццё з поўным ускладненым ператварэннем (гіперметамарфоз) ад 2 месяцаў да года. Рассяляюцца рухомыя лічынкі 1-га ўзросту (трыунгуліны), заражаюць новых насякомых-гаспадароў, якія слабнуць і часта гінуць.
Да арт.Вееракрылыя. Эаксен: 1 — самец; 2 — самка; 3 — трыунгулін; 4 — лічынка старэйшага ўзросту.