ДАМІНІКА́НЦЫ

(позналац. dominicani або fratres praedicatores браты-прапаведнікі),

каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Створаны ў пач. 13 ст., зацверджаны папам у 1216. Заснавальнік іспанец Дамінік дэ Гусман. Галоўны накірунак ордэна — прапагандысцка-місіянерская дзейнасць. У 1232 Д. была даручана інквізіцыя. Жабрацкі характар ордэна не заўсёды вытрымліваўся, у 1475 і 1477 Д. афіцыйна дазволена валодаць маёмасцю і мець сталыя крыніцы прыбытку. Папства выкарыстоўвала ордэн у барацьбе з ерасямі, свецкімі ўладамі, рэфармацыйным рухам. Д. ўзначальвалі кафедры ў многіх ун-тах сярэдневяковай Еўропы. У Беларусі з’явіліся ў пач. 16 ст., на пач. 19 ст. мелі тут больш за 40 кляштараў і рэзідэнцый, дзейнічаў Забельскі дамініканскі калегіум. Вядомы жаночы кляштар Д. у Навагрудку. У 1830—60-я г. кляштары Д. у Беларусі зачынены, жылыя іх будынкі прыстасаваны пад казармы, шпіталі і інш., касцёлы сталі парафіяльнымі або перададзены праваслаўнай царкве.

Ю.В.Бажэнаў.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)