вобласць на Пн Італіі, на ўзбярэжжы Генуэзскага зал. Лігурыйскага мора. Пл. 5,4 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (1995). Уключае правінцыі Генуя, Імперыя, Савона, Спецыя. Адм. ц. і прамысл. вузел — Генуя. Большую ч. тэрыторыі займаюць Лігурыйскія Апеніны (выш. да 1803 м) і Прыморскія Альпы. Па ўзбярэжжы вузкая перарывістая раўніна з міжземнаморскім кліматам. Ападкаў 500—1000 мм за год. Буйны прамысл. раён. Развіты чорная і каляровая металургія, суднабудаванне, вытв-сць цеплавозаў, гідратурбін, дызель-матораў, катлоў, электраабсталявання, нафтаперапрацоўка, хім., цэм., тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая прам-сць. У прыбярэжнай зоне высокатаварнае вінаградарства, пладаводства, вырошчванне аліў, ранняй агародніны, кветак. У гарах — пашавая жывёлагадоўля. Узбярэжжа — важны курортны раён. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны, марскі. Важнейшыя парты: Генуя, Савона, Спецыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым.імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым.імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМАЎ ((Asimov) Айзек) (2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),
амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРЭ́НКА (Аляксей Васілевіч) (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр.ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.Сухарава паводле «Прапановы» А.Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,
войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал.ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗВенг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт.Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЧЖУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч.аўт. раёна Унутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр.Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр.паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт.ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),
рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр.ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.Герцэнам і М.Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.
У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАН ((Mann) Генрых) (27.3.1871, г. Любек, Германія — 12.3.1950),
нямецкі пісьменнік. Брат Т.Мана. Вучыўся ў Берлінскім ун-це. З 1933 у эміграцыі ў Францыі, з 1940 — у ЗША. З 1949 прэзідэнт АМ ГДР. Друкаваўся з 1893. У ранніх творах выявіўся ўплыў класічных традыцый ням. і франц. л-р, мадэрнісцкіх кірункаў (трылогія «Багіні, або Тры раманы герцагіні Асі», 1903). У гратэскава-сатыр. форме паказаў драпежніцкую сутнасць імперыял. Германіі часоў Вільгельма II (рэаліст. раманы «У зямлі запаветнай», 1900; «Настаўнік Гнус, або Канец аднаго тырана», 1905; «Маленькі горад», 1909, і інш.). У трылогіі «Імперыя» («Вернападданы», 1914; «Бедныя», 1917; «Галава», 1925) праблемы фарміравання вернападданніцкай свядомасці, суіснавання ў адной асобе раба і тырана, на шырокім сац. фоне выкрыў герм. шавінізм і мілітарызм. Бесчалавечнасць тагачаснага грамадства рэзка крытыкаваў у раманах «Маці Марыя» (1927), «Яўгенія, або Эпоха бюргерства» (1928), «Сур’ёзнае жыццё» (1932) і інш. Вяршыня позняй яго творчасці — гіст. дылогія «Юнацтва караля Генрыха IV» (1935) і «Сталасць караля Генрыха IV» (1938), у якой увасоблена канцэпцыя дзейснага гуманізму. Аўтар п’есы «Мадам Легро» (1913), антыфаш. публіцыстычных зб-каў «Нянавісць» (1933), «Настане дзень» (1936), «Мужнасць» (1939), рамана пра антыфаш. рух у Чэхаславакіі «Лідзіцы» (1943), кн. мемуараў «Агляд стагоддзя» (1946), літ.-крытычных артыкулаў і інш. Яго паэтыка адметная дакладнай характаралагічнай дэталлю, моўнай выразнасцю, багаццем шён-«шыльдаў». Нац. прэмія ГДР 1949.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—8. М., 1957—58;
В защиту культуры: Сб. ст.М., 1986.
Літ.:
Знаменская Г.Н. Генрих Манн: Критико-биогр. очерк. М., 1971;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,
войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс.укр. казакоў на чале з гетманам П.К.Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч.Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЯна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НКІ, ihka,
старажытнае індзейскае племя моўнай групы кечуа. У 11—13 ст. жыло на тэр. сучаснага Перу, потым склала пануючы слой у дзяржаве Таўантысую са сталіцай у г. Куска, створанай у 1439 саюзам плямён, больш вядомай пад назвай «Імперыя І.». І. бралі даніну з пакораных плямён, выкарыстоўвалі працу сялян-абшчыннікаў, рамеснікаў і рабоў. Асноўнай сац.-эканам. адзінкай дзяржавы была суседская абшчына. Неабмежаваная, акружаная сакральным арэолам улада належала правіцелю — Вярхоўнаму Інку, ён жа лічыўся ўласнікам ўсёй зямлі. Першы міфічны правіцель І. — Манка Капак шанаваўся як сын сонца. І. выкарыстоўвалі ірыгацыю, будавалі палацы, храмы, умацаваныя гарады і цытадэлі, вынайшлі сістэму перадачы звестак у выглядзе т. зв. вузельчыкавага пісьма — кіпу, а таксама, верагодна, зачаткавую пісьменнасць, наладзілі хуткую сувязь паміж рознымі часткамі імперыі з дапамогаю скараходаў. Як і інш. плямёны дакалумбавай Амерыкі, І. не ўмелі вырабляць жалезныя прылады і не ведалі агнястрэльнай зброі. У 1532—36 ісп. заваёўнікі на чале з Ф.Пісара захапілі і знішчылі дзяржаву І. разам з яе багатай культурай, забілі апошняга Вялікага Інку Атаўальпу. Пакораныя іспанцамі І. увайшлі ў склад народнасці кечуа.
Архітэктура І. вядома па літ. і шматлікіх археал. крыніцах (рэшткі храмаў, палацаў, абсерваторый, амфітэатраў, крэпасцей). Першапачаткова ўзводзілі цыклапічныя пабудовы 3 агромністых камянёў (крэпасць Саксаўаман каля Куска), пазней — пабудовы з абчасаных блокаў граніту (крэпасці Пісак каля Куска, Мачу-Пікчу). Іх дойлідства вылучалася геам. прастатой прысадзістых форм, трываласцю, амаль поўнай адсутнасцю дэкору. Асн. віды мастацтва — размаляваная і фігурная кераміка з бліскучай чорнай паверхняй, у т. л. пасудзіны з рэаліст. партрэтнымі выявамі («тваравыя пасудзіны»), Вял. майстэрствам вылучаліся творы ювелірнага мастацтва («залаты сад» у храме Сонца «Карыканча» ў Куска з раслінамі, птушкамі, матылькамі, фігурамі з золата і серабра), якія амаль не захаваліся.
Літ.:
Гарсиласо де ла Вега. История государства инков: Пер. с исп. Л., 1974;
Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. Л., 1991;
Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990.
Понча інкаў. 1350—1532.Рытуальны нож інкаў — тумі. Золата, інкрустацыя.Да арт.Інкі. Сцены (злева) і платформы Мачу-Пікчу.