САНГА́І, Сангай, Імперыя Гао,

дзяржава ў 7—17 ст. ва ўсх. лукавіне р. Нігер (тэр. сучасных Малі і Нігера), этн. аснову якой складаў народ сангаі. Да 7 ст. існавала невял. княства С. са сталіцай у г. Кукія, правіцелі якога мелі тытул соні. З канца 9 ст. сталіца С. — г. Гао. У 13—14 ст. у васальнай залежнасці ад Малі. З канца 14 ст. пачаўся ўздым С. Пры соні Алі Беры [1469—92] заваяваны Тамбукту і Джэне і ўсталявана гегемонія С. ў сярэднім цячэнні р. Нігер. У 1493 уладу захапіў палкаводзец Мухамед Турэ [1493—1529], які прыняў тытул аскія. Найб. росквіту С. дасягнула пры аскіі Даудзе [1549—82], калі яго паліт. ўплыў пашырыўся ад ніжняга цячэння р. Сенегал да зах. мяжы Канем-Борну. У 1591 разгромлена мараканскімі войскамі, існавала да 1670-х г. як невял. княства ў раёне сучаснага г. Ніямей (Нігер).

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)