мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл.двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.
Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),
клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн.г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр.галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. У час яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.
У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць у тэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел.правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.
З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян.арх. Дж.Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.
Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал.арх. І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульпт. С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Я.Коласа (усе скульпт. М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».