ПАЎПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,
экалагічная група рыб, для якой характэрна размнажэнне ў прэсных водах, кармленне (нагул) — у саланаватых водах перадвусцевых раёнаў мора. П.р. займаюць прамежкавае становішча паміж жылымі і прахаднымі рыбамі. На Беларусі да П.р. патэнцыяльна належаць лешч, сазан, сом, судак, чахонь, некат. сігі і інш., хоць яны пастаянна жывуць у прэснаводных унутр. вадаёмах.
т. 12, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛА́СГІ (грэч. Pelasgoi),
старажытнае насельніцтва Грэцыі, якое жыло на Балканскім п-ве, зах. ўзбярэжжы М. Азіі, а-вах Эгейскага м., у Фесаліі, Эпіры і на Крыце. Гамер называў П. саюзнікамі траянцаў. Паводле Герадота, яны насялялі Атыку, Халкідыку і Фракію. Гісторыкі лічаць, што П. былі індаеўрапейскага паходжання і адыгралі значную ролю ў этнічным ўтварэнні грэкаў.
т. 12, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГО́РАВЫ ЛІ́КІ,
тройкі такіх натуральных лікаў, што трохвугольнік, даўжыні старон якога прапарцыянальныя (ці роўныя) гэтым лікам, з’яўляецца прамавугольным. Па тэарэме, адваротнай Піфагора тэарэме, для гэтага дастаткова, каб яны задавальнялі дыяфантава ўраўненне x2 + y2 = z2; напр., лікі x=3, y=4, z=5 і x=5, y=12, z=13.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў навукі права 20 ст. Прыхільнікі школы лічылі, што дзеючыя прававыя акты не заўсёды адэкватныя эканам. і сац. умовам. У гэтай сувязі яны надавалі вял. значэнне свабодзе судзейскага меркавання, г.зн. меншай звязанасці суда прававымі нормамі для аховы інтарэсаў асобы. Буйнейшым прадстаўніком С.ш.п. з’яўляецца амер. вучоны Р.Паўнд.
т. 14, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬСКАЯ КУ́ЛЬНЯ, бараньскі кульны двор,
майстэрня па вырабе ядраў і куль для гармат і гакаўніц на тэр. Беларусі ў 16 — сярэдзіне 18 ст. Засн. ў 1597 кн. М.Радзівілам у с. Барань, верагодна, Барысаўскай вол. Аршанскага пав. Работнікаў майстэрні («кульнікаў») набіралі з мясц. сялян, надзялялі іх 1 валокай зямлі, за што яны павінны былі здабываць руду, вырабляць жалеза і вугаль, адліваць ядры і кулі. У кастр. 1598 працавала 14 «кульнікаў». Бараньская кульня пастаўляла кулі і ядры Копыскаму і Біржанскаму (у Літве) замкам. «Кульнікі» ўдзельнічалі ў рамонце і доглядзе ўмацаванняў Копыскага замка, давалі грошы «на выправу выбранцев», «жита на пушкаров замковых» і стацыю (падатак) на выпадак прыезду ў Копысь Радзівілаў. За год на патрэбы Біржанскага замка Бараньская кульня вырабляла 195 вялікіх і 325 меншых ядраў, для Копыскага — 390 меншых ядраў і 780 гакаўнічных куль. Каб зберагаць лясы ад спусташэння, яны павінны былі закопваць за сабою ўсе ямы.
М.А.Ткачоў.
т. 2, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,
тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
У.К.Лукашэвіч.
т. 1, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс. чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ АБАРАЧЭ́ННЯ,
сукупнасць затрат жывой і арэчаўленай працы, выражаных у грашовай форме, на давядзенне тавару ад вытв-сці да непасрэднага спажыўца. Падзяляюцца на чыстыя і дадатковыя. Чыстыя звязаны з актам куплі-продажу, г.зн. ператварэннем таварнай формы прадукту ў грашовую. Яны не дадаюць да тавару ніякай вартасці і з’яўляюцца непрадукц. затратамі. Кампенсаванне гэтых выдаткаў абарачэння ажыццяўляецца за кошт прыбавачнага прадукту, створанага ў сферы вытв-сці. Дадатковыя выдаткі абарачэння абумоўлены працягам працэсу вытв-сці ў сферы абарачэння. Яны адносяцца да катэгорыі прадукцыйнай, паколькі дадаюць да вартасці тавару новую вартасць (дастаўка, дапрацоўка, фасоўка тавару). Крыніцай кампенсавання дадатковых выдаткаў абарачэння з’яўляецца вартасць, створаная ў самім таварным абарачэнні. Чыстыя выдаткі абарачэння складаюць прыблізна 35—40%, дадатковыя — 60—65% іх агульнай масы. З павелічэннем вытв-сці тавараў і давядзеннем іх да непасрэднага спажыўца доля чыстых выдаткаў абарачэння павялічваецца. Гэта звязана з ростам затрат на ўтрыманне прадаўцоў і гандлёвых агентаў, збытавых падраздзяленняў, транспартна-экспедытарскіх аддзелаў, маркетынгавых даследаванняў, рахункаводства, бухгалтэрыі і інш.
т. 4, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СІКІ ў батаніцы,
вегетатыўныя органы лазячых раслін, якія служаць для прымацавання да інш. раслін або прадметаў. Вусікі — метамарфізаваныя (звычайна ніткападобныя) парасткі, лісты або іх часткі, часам галінкі суквеццяў або паветр. карані. Яны абвіваюцца вакол прадмета і спіральна закручваюцца; часам на канцах вусікаў развіваюцца своеасаблівыя прысоскі. Вусікі характэрны для ліян, у т. л. вінаграду, гарбузовых, бабовых і інш.
т. 4, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЧЫ,
лекавыя сродкі, якія маюць горкія рэчывы. Яны стымулююць апетыт і паляпшаюць страваванне. Дзеянне горачаў заключаецца ў рэфлектарным узмацненні выдзялення страўнікавага соку ў выніку раздражнення канцоў смакавых нерваў поласці рота. Да горачаў адносяцца прэпараты, прыгатаваныя з адной (палын горкі, гарычка, дзьмухавец, цвінтарэй, трыліснік) ці некалькіх лек. раслін (настойка горкая, чай апетытны). Горач бывае ў выглядзе адвараў, настояў, экстрактаў, настоек.
т. 5, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)