група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
аддзел ніжэйшых раслін. Вядома каля 560 відаў і ўнутрывідавых таксонаў. Пашыраны па ўсім зямным шары пераважна ў прэсных, некаторыя — у салёных вадаёмах і глебе. Планктонныя арганізмы, радзей бентасныя. На Беларусі адзначана больш за 50 відаў з 22 родаў: арахнахлорыс, афіяцытыум, батрыдыум, батрыдыёпсіс, вашэрыя, гетэротрыкс, гетэракокус, манодус плеўрахлорыс, трыбанема, тэтраэдрыела, харацыёпсіс і інш.
Аднаклетачныя, шматклетачныя, радзей каланіяльныя і цэнабіяльныя арганізмы разнастайнай формы. Рухомыя, плаваюць пасіўна або прымацаваныя. Колер ад светла- да цёмна-жоўта-зялёнага, рэдка зялёны або блакітны з-за наяўнасці ў хларапластах, акрамя хларафілу, вял. колькасці жоўтых пігментаў (ксантафілы, караціны). Клеткі адна-, радзей шматядравыя з абалонкай, радзей голыя. Крухмал, як запасное рэчыва, адсутнічае (характэрная прыкмета). Жыўленне пераважна аўтатрофнае. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі і інш.), рэдка полавае (іза- і аагамія). Аднаклетачныя рухомыя віды і зааспоры маюць 2 жгуцікі рознай даўжыні (адсюль другая назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т. л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.У.Вынаеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРГІ́Л (Aspergillus),
род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусі найб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.
Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган.к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.
Аспергіл чорны: 1 — агульны выгляд; 2 — канідыяносец з канідыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),
настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).
У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЧНІКАВЫЯ (Boraginaceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін з парадку бурачнікакветных. Каля 100 родаў і больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Міжземнамор’і і на ЗПаўн. Амерыкі. На Беларусі 32 віды з 16 родаў (найб. вядомыя агурочнік, верабейнік, жывакост, крывацвет, медуніца, незабудка, сіняк, чарнакорань).
Травяністыя расліны, рэдка паўкусты, кусты, ліяны і дрэвы, пераважна з шорсткім апушэннем. Кветкі пераважна двухполыя, з двайным калякветнікам, звычайна сабраныя ў завіток, радзей адзіночныя. Плод у асноўным сухі, дробны (распадаецца ў перыяд выспявання на 4 ці 2 арэшкападобныя долі); у некат. бурачнікавых плод касцянкападобны, сакавіты, вельмі рэдка — каробачка. Лек., меданосныя, фарбавальныя, дэкар., тэхн., кармавыя і харч. расліны. Многія віды — пустазелле, некат. Ядавітыя для чалавека і жывёлы.
Літ.:
Доброчаева Д.Н. Сем. Boraginaceae Juss. — Бурачниковые // Флора европейской части СССР. Л., 1981. Т. 5;
Яе ж. Сем. Бурачниковые (Boraginaceae) // Жизнь растений. М., 1981. Т. 5, ч. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВАРУ́ШКА (Clitocybe),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп. — кастрычніку.
Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРГІ́НЯ (Dahila),
род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі З—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр.бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРА́ФІЯ (ад зоа... + геаграфія),
геаграфія жывёл, раздзел біягеаграфіі, які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым відаў жывёл, іх экалагічных груповак і заканамернасці іх пашырэння на зямным шары.
Першыя звесткі па З. з’явіліся ў працах Арыстоцеля, Плінія Старэйшага і інш.; асабліва хутка назапашванне інфармацыі ішло ў эпоху вял.геагр. адкрыццяў 15—17 ст. Спробы падзелу паверхні Зямлі на асобныя зоагеагр. прасторы рабіліся ў 1-й пал. 19 ст.Вял. значэнне для развіцця З. мелі працы вучоных: англ. Ф.Склетэра, А.Уолеса, рас. М.А.Северцава, Л.С.Берга, Л.А.Зянкевіча, М.А.Мензбіра, П.П.Сушкіна і інш.
На Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1920-х г. (А.У.Фядзюшын, У.В.Станчынскі). Стан жывёльнага свету (віды і групоўкі млекакормячых, птушак, рыб, насякомых, паразітычных членістаногіх, водных беспазваночных) вывучалі І.М.Сяржанін, Фядзюшын, М.С.Долбік, П.І.Жукаў, І.К.Лапацін, В.І.Мержаеўская, Т.Р.Іанісіяні, І.Ц.Арзамасаў, І.В.Чыкілеўская, М.М.Драко і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш. На падставе даных З. вучоныя складаюць схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюць рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.