КАЛЮ́ЧКІ ў раслін,
цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЫ́ТАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
мелкаводная прыбярэжная ч. мора. Размешчана пераважна ў межах шэльфа ад узроўню макс. адліву да верхняй мяжы мацерыковага схілу (200—400 м). Для Н.в. характэрны вял. рухомасць вады, зменлівасць т-ры, значнае пранікненне сонечнага святла, вял. колькасць кіслароду, разнастайнасць флоры і фауны. У межах Н.в. намнажаюцца пераважна абломкавыя ўтварэнні (гл. Нерытавыя адклады).
т. 11, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),
назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],
бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНАЛЬДСА ЛІК, Рэйнальдса крытэрый,
безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе цячэнне вязкай вадкасці і роўная адносінам сіл інерцыі да сіл вязкасці. Вызначаецца формулай Re = ρνl/μ, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці, ν — характэрная скорасць (напр., скорасць патоку вадкасці), 1 — характэрны памер (напр., дыяметр трубы), μ — каэф. вязкасці вадкасці. Названы імем О.Рэйнальдса. Гл. таксама Падобнасці тэорыя.
т. 13, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГРУ́ПА,
структурны фрагмент малекулы, які характэрны для пэўнага класа арган. злучэнняў і вызначае яго хім. ўласцівасці. Напр., уласцівасці спіртоў вызначаюцца пераважна наяўнасцю гідраксільнай групы, амінаў — амінагрупы, карбонавых к-т — карбаксільнай групы, альдэгідаў і кетонаў — карбанільнай групы. У поліфункцыянальных злучэннях прысутнічаюць некалькі Ф.г. Для якаснага і колькаснага вызначэння Ф.г. выкарыстоўваюць метады функцыянальнага аналізу.
т. 16, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПРУХ (ад ням. Spruch выказванне),
жанр нямецкай сярэдневяковай паэзіі маральна-дыдактычнага зместу. Для яго характэрны парныя рыфмы з 4 націскамі ў кожным радку. Узнік у паэзіі шпільманаў, у 13—14 ст. шырока выкарыстоўваўся ў бюргерскай павучальнай л-ры. У ням. літ.-знаўстве з 19 ст. тэрмін «Ш.» абазначае таксама дыдактычныя жанры паэзіі мінезінгераў.
т. 17, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФЕМЕРО́ІДЫ (ад эфемеры + грэч. eidos выгляд),
шматгадовыя травяністыя расліны, для якіх характэрны кароткі час штогадовай вегетацыі (некалькі тыдняў). Неспрыяльны перыяд Э. пераносяць у выглядзе цыбулін, карэнішчаў і інш. падземных органаў. На Беларусі каля 20 відаў: чубатка пустая, цюльпан лясны, кураслепнікі дуброўны і казяльцовы, гусіныя цыбулі жоўтая і малая і інш.
т. 18, кн. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ, скідавыя горы,
падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.
т. 5, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)