НЕ́КТРЫЯ (Nectria),

род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.

Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ДЫЙ (Olpidium),

род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (O. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.

Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.

Альпідый капусны: 1 — плазмодый і зіготы грыба ў клетках кораня; 2 — зоаспарангіі; 3 — зааспоры; 4 — пашкоджаная расада капусты («чорная ножка»).

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФЕКЦЫ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ ЧАЛАВЕ́КА, заразныя хваробы,

хваробы, якія выклікаюцца пэўнымі відамі патагенных бактэрый, вірусаў, хламідый, спірахет, рыкетсій, грыбоў, прыёнаў. Асн. агульная рыса І.х. — заразлівасць, здольнасць пашырацца пры кантактах арганізма з хворымі, бактэрыяносьбітамі, жывёламі, навакольным асяроддзем. Класіфікуюцца на антрапанозы («хваробы ад людзей»), заанозы («ад жывёл»), сапранозы («ад навакольнага асяроддзя»). Заражэнне на І.х. (механізм перадачы) залежыць ад лакалізацыі ўзбуджальнікаў; бывае паветрана-кропельным (узбуджальнік у органах дыхання), фекальна-аральным (у кішэчніку), трансмісіўным (у крыві), кантактным (на паверхні цела). Вылучаюць перыяды І.х.: скрыты, ці інкубацыйны (да першых сімптомаў), прадрамальны (неакрэсленая агульная рэакцыя), разгар захворвання, згасанне клінічных сімптомаў, папраўка. Пасля І.х. найчасцей застаецца імунітэт ад некалькіх месяцаў да многіх гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЯЕ́Д БУРАКО́Ў,

хвароба праросткаў і ўсходаў буракоў, якая выклікаецца пераважна паразітычнымі грыбамі. Яго ўзбуджальнікі — грыбы з родаў Pythium, Aphanomyces, Phoma, Rhizoctonia, розныя віды Fusarium, а таксама бактэрыі. Пашкоджваюць цукр., кармавыя і сталовыя сарты, зрэджваюць усходы, змяншаюць ураджайнасць на 10—40%. Хвароба праяўляецца завяданнем і пажаўценнем раслін у фазе семядолей і 1-й пары лісцікаў; на карэньчыках маладых праросткаў паяўляюцца бурыя плямы, падоўжаныя палосы, на падсемядольным калене — кальцавая перацяжка загнілых і пачарнелых тканак. Пры інтэнсіўным развіцці хваробы корань гніе і расл ша гіне. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках у глебе, на каляплодніках насення.

Да арт. Караняед буракоў: 1 — узбуджальнік хваробы ў культуры; 2 — здаровая расліна; 3 — пашкоджаны праростак; 4 — пашкоджаная расліна (перацяжка).

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПРА, праказа,

хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.​Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв. сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,

вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39 °C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў, А.​А.​Збароўская.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА ў жывёл,

кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.

У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФТЭРЫ́Я (ад грэч. diphtherion скурка, плеўка),

інфекцыйная хвароба чалавека з фібрынозным (плеўкавым) запаленнем і агульнай інтаксікацыяй.

Узбуджальнік Д адкрыты ням. бактэрыёлагамі Э.​Клебсам і Ф.​Лёфлерам у 1883. Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бацыланосьбіты. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адрозніваюць Д. зева, носа, гартані, вачэй, вонкавых палавых органаў (у дзяўчынак); бываюць камбінаваныя формы. Найчасцей бывае Д. зева (у 60—70%; лакалізаваная, пашыраная і таксічная). Прыкметы: пасля інкубацыйнага перыяду (2—14 дзён) т-ра цела 38 °C, паніжэнне апетыту, боль галавы і пры глытанні, пачырваненне, шэра-белыя плеўкі на слізістай абалонцы. Ускладненні: рэзкае звужэнне прасвету гартані (стэноз), расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.

Лячэнне: шпіталізацыя, процідыфтэрыйная сываратка; іншы раз — хірургічнае. Абавязковыя прышчэпкі супраць Д. коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковай (КДС) вакцынай.

П.​Я.​Новікаў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВА́ЛЬНАЕ ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ буйной рагатай жывёлы, перыпнеўманія ці плеўрапнеўманія буйной рагатай жывёлы,

высоказаразная інфекц. хвароба, якая выклікаецца грыбападобнай мікаплазмай. Пашкоджвае пераважна лёгкія (крупознае запаленне з захопам міждолькавай злучальнай тканкі і сасудаў, некрозам асобных участкаў) і плеўру (серозна-фіброзны плеўрыт). Найб. пашырана ў Афрыцы, адзначаецца ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі. Каранцінная хвароба.

Узбуджальнік выдзяляецца з макротай, выцяканнямі з носа, малаком, мачой хворых жывёл. Заражэнне адбываецца праз бронхі паветрана-кропельным шляхам. Цячэнне звышвострае, вострае, падвострае ці хранічнае, часам абартыўнае (кароткачасовае, з няпоўным развіццём хваробы). Назіраюцца ліхаманка з высокай т-рай, прыгнечанасць, парушэнні дыхання, кашаль, балючасць у вобласці міжрэберных прамежкаў і пазваночніка, выцяканні з носа, расстройствы стрававальнага тракту, бледнасць слізістых абалонак, ацёкі канечнасцей і ніжняга боку цела і інш. Звычайна жывёлы гінуць.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.

Да арт. Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)