Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЯ́,
хвароба раслін, выкліканая галаўнёвымі грыбамі. Найб. шкоду прыносіць збожжавым культурам. Разбурае асобныя завязі або цалкам каласы, мяцёлкі, катахі, радзей сцёблы, лісце, ператвараючы іх у пылаватую або шчыльную чорную споравую масу. Асабліва частыя: цвёрдая галаўня пшаніцы, жыта, аўса і ячменю; пыльная галаўня пшаніцы, ячменю, аўса, проса і кукурузы; каменная галаўня ячменю, сцябловая галаўня жыта і пшаніцы; пухіраватая галаўня кукурузы. На Беларусі найб. пашыраны цвёрдая галаўня пшаніцы (узбуджальнік Tilletia triciti) і пыльная галаўня ячменю (узбуджальнік Ustilago nuda).
Усе віды ўзбуджальнікаў галаўні вузкаспецыялізаваныя — пашкоджваюць толькі пэўную культуру. Меры барацьбы з галаўнёй: выкарыстанне ўстойлівых сартоў, выбракоўка пасеваў, пашкоджаных галаўнёй, хім. абеззаражванне насення фунгіцыдамі або тэрмічным спосабам, апрацоўка насення спец. сістэмнымі пратрутамі (супраць пыльнай галаўні ячменю і пшаніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СПА ВЕТРАНА́Я,
вятранка, масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІСТАРХІ́ДЫ
(Opisthorchiadae),
сямейства гельмінтаў класа смактуноў; паразіты рыб, паўзуноў, птушак, млекакормячых і чалавека. У сусв. фауне 29 родаў, больш за 100 відаў. На Беларусі 4 віды. Найб. пашыраны апістарх кашэчы (Opistorchis felineus) — узбуджальнікапістархозу.
Даўж. каля 1 см. Развіваюцца ў прамежкавых (малюскі), дадатковых (карпавыя рыбы) і канчатковых гаспадароў (рыбаедныя жывёлы і чалавек).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАМАТО́З ЛЁГКІХ
(ад адэнома + ... оз),
хранічная вірусная хвароба жывёл. Характарызуецца развіццём шматлікіх залозападобных разрастанняў у лёгачнай парэнхіме. Пашырана амаль ва ўсіх краінах свету, адзначаецца і на Беларусі. Хварэюць авечкі, козы, менш каровы, коні, сабакі, мышы, некаторыя рыбы. Узбуджальнік — рэтравірус тыпу С. Заражэнне паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лятальнасць ад 50 да 80%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЎРО́З,
інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНТАЦЭФАЛЁЗЫ,
інвазійныя захворванні (гельмінтозы) жывёл, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца калючагаловымі чарвямі — скрэбнямі (акантацэфаламі). Паразітуюць у кішэчніку свіней, сабак, лісоў, ваўкоў, барсукоў, качак, рыб, чалавека. На Беларусі найб. небяспечныя макракантарынхоз, палімарфоз, філікалёз, эхінарынхоз і памфарынхоз. Крыніца інвазіі — хворыя жывёлы, што заражаюцца акантацэфалёзамі пры паяданні прамежкавых гаспадароў (малюскаў, ракападобных, насякомых), у целе якіх знаходзяцца лічынкі скрэбняў (акантэлы).
Узбуджальнікакантацэфалёзаў Polymorphus magnus (самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІЯСАМО́З,
глосаталёз, інвазійная хвароба моладзі рыб, якую выклікаюць умоўна-патагенныя інфузорыі з роду Apiosoma. Узбуджальнік — часцей A. piscicola, пашыраная ў штучных сажалках, у т. л. і на Беларусі. Інфузорыі выклікаюць на скуры і шчэлепах моладзі рыб некрозы і моцнае слізевыдзяленне. Шчэлепы бледныя. У зімавальных сажалках хворая моладзь худнее і гіне. Хвароба ўскладняецца паразітаваннем інш. інфузорый. Лечаць брыльянтавай зеленню. Прафілактыка: стварэнне нармальных гідрахім. умоў і падтрыманне чысціні вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРЫЯМІКО́З
[ад грэч. botrys гронка + мікоз(ы)],
хранічная інфекц. хвароба коней, радзей буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней з групы мікозаў. Узбуджальнік — мікраскапічны грыбок Botryomyces assoformans (жыве на сене, саломе, у гнаі), пранікае ў арганізм праз пашкоджаную скуру або вывадныя пратокі тлушчавых і потавых залоз. Трапляецца амаль па ўсім зямным шары, у тым ліку на Беларусі. Батрыямікоз выяўляецца запаленчым пухлінападобным разрастаннем фібрознай злучальнай тканкі скуры, мышцаў, лімфатычных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧНАЯ ХВАРО́БА, дурына,
хранічная інвазійная хвароба непарнакапытных. Набыла пашырэнне ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў краінах Азіі, Афрыкі, Еўропы і Амерыкі. Узбуджальнік — жгуцікавы паразіт Tripanosoma equiperdum. Да заражэння ўспрыімлівыя коні, аслы, мулы ў перыяд злучкі, іншы раз пры штучным апладненні. У хворых жывёл назіраюцца ацёкі палавых органаў, з’яўленне вузельчыкаў і язваў, «талерных бляшак» на скуры, парэзаў і паралічоў тварнага і інш. нерваў, атрафія мышцаў задняй часткі цела.