КРОЎ,
вадкая тканка, што цыркулюе ў крывяноснай сістэме чалавека, пазваночных жывёл і некат. беспазваночных (напр., кольчатых чарвей); разнавіднасць злучальнай тканкі. Асн. функцыі К.: дыхальная, харчавальная, экстрэторная, гомеастатычная, рэгулятарная, тэрмарэгулятарная, ахоўная. К. падтрымлівае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма: пераносіць кісларод з лёгкіх у тканкі і вуглякіслы газ у адваротным кірунку, пажыўныя рэчывы, якія ўсмоктваліся кішэчнікам (глюкоза і інш.), — да тканак, прадукты абмену (мачавіна і інш.) — да органаў выдзялення; удзельнічае ў падтрыманні кіслотна-шчолачнай раўнавагі, водна-салявога абмену, пастаяннай т-ры цела; разносіць па арганізме біялагічна актыўныя рэчывы — гармоны; выконвае ахоўную функцыю (удзел лімфацытаў пры ўтварэнні антыцел, захоп і ператраўленне іншародных элементаў нейтрафіламі і манацытамі, утварэнне імі разам з тканкавымі макрафагамі ахоўнага бар’ера, гумаральная ахова ад інфекцыі лізацымам і інш. рэчывамі, удзел у згусанні крыві і спыненні крывацёку).
К. у чалавека складае 5—8% яго масы. У яе саставе вадкая частка — плазма (55%), у якой раствораны бялкі, тлушчы, тлушчападобныя рэчывы, вугляводы, мінер. солі, вітаміны, гармоны, газы і інш.; форменныя элементы (45%) — эрытрацыты (чырв. крывяныя цельцы), лейкацыты (белыя крывяныя цельцы) і крывяныя пласцінкі — трамбацыты. У дарослага чалавека ў 1 л К. ўтрымліваецца: 3,9—5∙1012 эрытрацытаў, 4—9∙109 лейкацытаў, 180—320∙109 трамбацытаў, 120—160 г гемаглабіну. Адноснае пастаянства колькасці форменных элементаў рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Гл. таксама Групы крыві.
Літ.:
Кассирский И.А., Алексее в Г.А. Клиническая гематология. 4 изд. М., 1970.
Л.У.Чантурыя.
т. 8, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),
аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл. Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнты арган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл. Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.
А.А.Малажаўскі, А.У.Суднік.
т. 13, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)