РУДАКО́Ў РОЎ,

класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСІРО́ЎКА,

ураўнаважванне вярчальных частак у машынах і механізмах. Праводзіцца гал. ч. для ліквідацыі (зняцця) іх неўраўнаважанасці (дысбалансу), дынамічных нагрузак, што дзейнічаюць на апоры хуткавярчальных дэталяў машын (ротараў, каленчатых валоў і інш.) і прыводзяць да заўчаснага іх зношвання. Балансіроўка заключаецца ў вызначэнні масы і месца прыкладання процівагаў.

Адрозніваюць дынамічную балансіроўку, што выконваецца на балансіровачным станку пры наданні вярчэння дэталі, якая балансуецца, і статычную, калі дэталь ураўнаважваюць адной процівагай у адвольна выбранай плоскасці, зыходзячы з таго, каб цэнтр цяжару дэталі ляжаў на восі вярчэння.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,

заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.​Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ ПАТО́КІ,

сукупнасці зорак, якія рухаюцца з аднолькавымі прасторавымі скарасцямі. Адрозніваюць вял. і малыя З.п. Супадзенне скарасцей руху паказвае на агульнасць паходжання зорак з дадзенага патоку.

Да малых З.п. адносяць некат. рассеяныя зорныя скопішчы, напр., Гіяды, частка зорак сузор’я Вял. Мядзведзіцы. Зоркі аднаго і таго ж патоку не ўтвараюць значных згушчэнняў, займаюць на небе вял. вобласці і выяўляюцца па агульнасці іх скарасцей. Наяўнасць вял. З.п. — вынік вярчэння Галактыкі і выкліканых ім заканамернасцей руху зорак і адлюстраванне яе спіральнай структуры.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́СА (Canossa),

замак у Паўн. Італіі, за 18 км на ПдЗ ад г. Рэджа-нель-Эмілія, пабудаваны ў 10 ст. Тут у студз. 1077 адбылася значная падзея ў гісторыі барацьбы за інвестытуру. Адлучаны ад каталіцкай царквы і пазбаўлены прастола імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрых IV (гл. ў арт. Генрых, герм. правіцелі) у рыззі і босы 3 дні прасіў тут даравання і літасці ў свайго праціўніка рым. папы Грыгорыя VII. З таго часу выраз «ісці ў К.» азначае згоду на зневажальную капітуляцыю.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),

апошні імператар [475—476] Зах. Рым. імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх. Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах. Рым. імперыі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДО́ВАЕ ПІСЬМО́,

тып пісьма, у якім паасобныя склады абазначаюцца графічнымі знакамі.

Развілося са стараж. сістэм пісьма на аснове фонаідэаграфіі (японскае С.п. кана), а таксама алфавітнага пісьма кансанантнага тыпу (пісьмо брахмі ў Індыі; кожны знак адпавядае адкрытаму складу з пэўным зычным, але форма знака крыху зменьваецца ў залежнасці ад таго, які галосны ў складзе). У знакі С.п. ператварыліся ідэаграмы, якія напачатку абазначалі аднаскладовыя словы. С.п. пашырана ў Індыі, Эфіопіі, М’янме, Тайландзе, Камбоджы, Карэі, Японіі.

Літ.:

Гл. да арт. Пісьмо.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),

у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)