РУБА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (5.9.1938, г.Слуцк Мінскай вобл. — 5.12.1990),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1976). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1960). З 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы. Прапанаваў і даследаваў некалькі новых тыпаў лазерных гіраскопаў і акселерометраў. Прадказаў і даказаў (разам з Л.М.Арловым) існаванне з’явы палярызацыйнай і палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці. Даследаваў уплыў палярызацыі святла на асаблівасці ўзнікнення жывой матэрыі ў Сусвеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,
майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.
Ян (сапр.Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.К.Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.
Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬФАНД (Хаім Янкель Шыманавіч) (літ.псеўд.А.І.Літвак; 1877, г.Слуцк Мінскай вобл. — 1932),
палітычны дзеяч і публіцыст. Адзін з кіраўнікоў Бунда, з 1905 чл. яго ЦК. Неаднаразова быў арыштаваны, у 1896—1902 у ссылцы ў Якуцку. У 1915—17 прадстаўнік Бунда ў ЗША. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Да Кастр. рэвалюцыі 1917 паставіўся адмоўна. На XI канферэнцыі Бунда (1919, Мінск) узначаліў с.-д. крыло. У 1921 арыштаваны органамі ДПУ, пасля вызвалення жыў у Вільні. З 1925 у ЗША.
Тв.:
Мелкобуржуазный социализм на еврейской почве: (Критика «теории» социалистов-сионистов). СПб., 1906;
Поалей сионизм: Новое течение в рус. еврействе — рабочий сионизм: Критический очерк. СПб., 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Антон) (1746 ?, г.Слуцк Мінскай вобл. — ?),
бел. танцоўшчык і балетмайстар. З 1756 вучыўся ў Слуцкай балетнай школе Г.Ф.Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), быў салістам мясц. трупы. З 1760 працаваў у прыдворным т-ры Радзівілаў у Нясвіжы (з 1779 педагог балетнай школы і балетмайстар). У 1780 пасланы К.С.Радзівілам у Італію (Рым, Венецыя) і Аўстрыю (Вена) для азнаямлення з іх балетным мастацтвам. Пасля вяртання — вядучы балетмайстар (упамінаецца ў дакументах за 1782—87). Разам з Г.Петынеці рыхтаваў пастаноўку балетаў «Рустыка» (1778), «Турэцкі балет», «Арфей у пекле» на лібрэта Ф.Каселі і «Пігмаліён» паводле «Метамарфоз» Авідзія (1784). Працаваў у Нясвіжы з дачкой-балерынай да роспуску балета ў 1790.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКІ МУЗЕ́Йу Лондане,
адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л.стараж.-егіпецкія папірусы, бел. выданні Ф.Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.Рыка (Слуцк, 1678).
Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЙНІКАЎ (Трыфан) (? — пасля 1594),
маскоўскі купец, пазней дзяк. У 1582 па даручэнні Івана IV Грознага ездзіў на святую гару Афон (Грэцыя) з міласцінай на супакаенне душы забітага бацькам царэвіча Івана. У час другога падарожжа (1593—94) наведаў Канстанцінопаль і Палесціну, прывёз у Маскву мадэль труны Гасподняй. Пра другое падарожжа напісаў «Хаджэнне Трыфана Карабейнікава...» (было распаўсюджана больш чым у 200 спісах), у якім падрабязна апісаны гарады Беларусі, праз якія ён праязджаў на шляху з Масквы ў Канстанцінопаль (Орша, Бобр, Крупкі, Нача, Барысаў, Мінск, Слуцк, Лістапады, Хвастова, Тураў), дадзены цікавыя характарыстыкі Слуцка і Турава. К. належаць «Апісанне шляху ад Масквы да Царграда» (1594) і «Справаздача маскоўскаму ўраду аб раздадзеных грашах у час другога пасольства ў Канстанцінопаль разам з дзякам Агаркавым па даручэнні цара Фёдара» (1594).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШАЛЬ (Пётр Агеевіч) (н. 20.4.1946, г.Слуцк Мінскай вобл.),
расійскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1979). Друкуецца з 1963. Зб-кі паэзіі «Лістота» (1979), «Гарадская зорка» (1981), «Рака Жыццё», «Такі як ёсць» (абодва 1987) прысвечаны Беларусі, узаемаадносінам чалавека і навакольнага свету. Аўтар кніг дакумент. прозы «Гісторыя пакаранняў у Расіі. Гісторыя расійскага тэрарызму» (1995), «Гісторыя вышуку ў Расіі» (т. 1—2, 1996). Пераклаў на рус. мову кнігі выбраных вершаў Р.Баравіковай «Светнік» (1982) і Цёткі «Выбранае» (1986), пераклаў і склаў анталогіі бел. паэтаў 1920—30-х г. «Час ветравея» (1987) і бел. дзіцячай л-ры «Чарадзейная крынічка» (1997). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Т.Бондар, С.Законнікаў, У.Някляеў, Я.Янішчыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,
антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г.Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.